Асноўная мэта вучэньняў, як паведамляе прэс-служба Гомельскага аблвыканкама, палягае ў праверцы «рэальнасьці выкананьня сплянаваных мерапрыемстваў» у забесьпячэньні «органаў і падразьдзяленьняў надзвычайных сытуацый», а таксама набыцьцё практычных навыкаў у «забесьпячэньні ўстойлівага функцыянаваньня ў асаблівых абставінах».
Камэнтуючы ход вучэньняў, старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко заявіў, што «падобныя трэніроўкі па ўзгадненьні з вобласьцю трэба правесьці ў раёнах рэгіёну».
«За 30 кілямэтраў ад нашай паўднёвай мяжы ідзе СВА („спэцыяльная ваенная апэрацыя“, так расейскія і беларускія ўлады называюць захопніцкую вайну Расеі супраць Украіны. — „Позірк“), на заходніх рубяжах мілітарызацыя нарастае, — сказаў чыноўнік. — І ніхто з краін NATO не гаворыць пра мір. Мы павінны быць гатовыя да ўсяго. Сёньня праверым тэарэтычную і практычную гатоўнасьць узаемадзеяньня дадатковых сіл зь сілавым блёкам».
29 траўня міністар унутраных спраў Іван Кубракоў распарадзіўся правесьці ва ўсіх рэгіёнах Беларусі тактыка-спэцыяльныя вучэньні для праверкі гатоўнасьці дзяржорганаў да «рэагаваньня і ўзаемадзеяньня ва ўмовах надзвычайнай сытуацыі».
Такі загад ён аддаў пасьля завяршэньня такіх вучэньняў на тэрыторыі сталічнага спарткомплексу «Чыжоўка-Арэна».
Паведамлялася, што ўмовы трэнінгу, які ГУУС Менгарвыканкама правяло сумесна зь Міністэрствам надзвычайных сытуацый і «іншымі дзяржаўнымі органамі», былі «максымальна набліжаныя да рэальных». Сілавікі адпрацавалі альгарытмы рэагаваньня на «выяўленьне на пункце пропуску крыніцы радыяактыўнага выпраменьваньня, спробу прарыву КПП, пагрозу тэракту з выкарыстаньнем агнястрэльнай зброі і бесьпілётніка, захоп закладнікаў».
Відэаролік, які суправаджае паведамленьне, дазволіў зрабіць выснову, што гэтыя вучэньні — свайго роду рэакцыя на сакавіцкі тэракт у «Крокус Сіці Холе» у падмаскоўным Краснагорску (РФ).
Пасьля контратэрарыстычных вучэньняў на тэрыторыі мінскага гандлёвага цэнтру Palazzo, якія завяршыліся ў ноч на 19 красавіка, Кубракоў анансаваў на травень «маштабныя вучэньні з прыцягненьнем усіх тэрытарыяльных органаў унутраных спраў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За дзень у Беларусі агонь забраў жыцьці 7 чалавек, сёлета сьмяротнасьць на пажарах вырасла на 18% ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінабароны анансавала працяглае перакрыцьцё вуліц у Менску для рэпэтыцыі параду 3 ліпеня