Праваабаронца «Вясны», былы палітзьняволены Леанід Судаленка ў інтэрвію Свабодзе сказаў, што расчараваны тым, што прыняты ў двух чытаньнях закон аб амністыі дэманструе нежаданьне ўладаў ісьці на дыялёг зь вялікай часткай беларускага грамадзтва Беларусі, якая дамагаецца дэмакратычных зьменаў.
«Галоўнае ў амністыі 2024 году — тое, што яна не распаўсюджваецца на палітычных вязьняў і такім чынам пакідае нявырашаным пытаньне аб вызваленьні тысяч патрыётаў Беларусі», — кажа Леанід Судаленка. Што да крокаў уладаў у вызваленьні з-за кратаў некаторых асуджаных паводле крымінальных артыкулаў беларусаў, дык і гэтыя пляны праваабаронца назваў «вельмі асьцярожнымі і скупымі».
«З амаль 8 тысяч, да каго будзе ўжытая амністыя, на волю выйдуць толькі 300 тых, хто ўжо знаходзіцца за кратамі. Чаму так мала? Лічу, улада баіцца гэтых людзей, бо і яны нясуць зарад незадаволенасьці. А палітычных ня хочуць амніставаць, бо Лукашэнка іх баіцца яшчэ больш, ня можа ім дараваць, што падняліся супраць парушэньняў ім выбарчых законаў і Канстытуцыі. Лічу, краіна знаходзіцца ў вельмі складаным становішчы, а Лукашэнка дэманструе няздольнасьць ісьці з грамадзтвам на дыялёг. Для сябе ён, як сам казаў, „перагарнуў старонку“, а для людзей — не. Павесіў на тысячы найлепшых ярлыкі „экстрэмістаў“ ці нават „тэрарыстаў“ і нічога ня хоча мяняць», — адзначыў праваабаронца.
Леанід Судаленка прыгадаў амністыю 2022 году, якую назіраў у калёніі «Віцьба-3», дзе сам адбываў пакараньне. Паводле Судаленкі, напярэдадні палітычныя вязьні спадзяваліся на вызваленьне па амністыі і паляпшэньне сытуацыі ў краіне.
«Мы бачылі тады Лукашэнку слабым, разгубленым. Але час прайшоў, рэжым аднавіў сваю сілу, ад дыктатуры Лукашэнка перайшоў да таталітарнага рэжыму, пры якім законы не дзейнічаюць. А калі няма закону, дык можна прымаць любыя рашэньні. І гэтая амністыя таму пацьверджаньне, бо фактычна яна ні пра што. Калі некалькі шматдзетных жанчын выйдзе на волю, гэта, вядома, добра, але гэта не вырашае праблемы расколу грамадзтва. Народ чакае амністыі для тысяч палітвязьняў, а яе няма».
Паводле праваабаронцы, адміністрацыі калёніяў і турмаў ведаюць пра такія настроі і стараюцца на ўсякі выпадак прыняць пэўныя захады. Леанід Судаленка ўспомніў тое, што сам перажыў у «Віцьбе-3».
«Калі ўжо ішла амністыя 2022 году і мы бачылі, што палітычных вязьняў яна ня тычыцца, раптам нас сталі выклікаць у штаб. Мяне таксама паклікаў начальнік атраду і кажа, што для мяне ў яго дзьве навіны. Першая добрая, што ўсё ж у 2023 годзе я выйду на волю, а другая, што амністыя „мне ня сьвеціць“. І падсунуў паперу расьпісацца, што я пра гэта праінфармаваны. І вось у мяне пытаньне: навошта ім гэтая паперка была патрэбная? Сам жа закон быў пабудаваны такім чынам, што на палітычных амністыя не распаўсюджвалася. Цяпер такі ж закон прынялі і, мяркую, зноў будуць браць тыя подпісы ў палітычных. Відаць, нечага баяцца. Не выключаюць, што ў будучыні ўзьнікнуць праблемы, чаму трымалі невінаватых гэтак доўга», — мяркуе праваабаронца Леанід Судаленка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палата прадстаўнікоў адразу ў двух чытаньнях ухваліла закон аб амністыі, яна не закране асуджаных за «экстрэмізм»Хто ў гуманітарным сьпісе
Па стане на 6 траўня 2024 году праваабаронцам вядома ня менш як пра 254 палітвязьняў, якія знаходзяцца за кратамі ў асаблівай рызыцы.
Сярод іх 16 чалавек з інваліднасьцю, 92 чалавекі ў цяжкім стане здароўя, 63 старэйшыя за 60 гадоў (шмат хто зь іх мае вялікія праблемы са здароўем), а таксама 10 чалавек з мэнтальнымі разладамі. 23 маладых людзей затрымалі непаўналетнімі, сярод палітзьняволеных 40 шматдзетных маці і бацькаў. Вядома мінімум пра пяць сямей, дзе абое бацькоў знаходзяцца за кратамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Урад ініцыяваў амністыю да 80-годзьдзя вызваленьня Беларусі. Ці закране яна палітвязьняў?