Расейская армія зноў ударыла па Харкаве ракетамі. Узьніклі пажары, ёсьць пацярпелыя

Пасьля расейскага нападу на Харкаў, 10 траўня 2024

Расейскія вайскоўцы ў ноч на 30 траўня выпусьцілі па Харкаве і Харкаўскай вобласьці ў агулам восем ракет, паведамляюць мясцовыя ўлады.

Узьніклі пажары, у Харкаве ёсьць пацярпелыя. Паветраная трывога была абвешчаная на ўсёй тэрыторыі Ўкраіны.

У Харкаве ў выніку начнога ўдару пацярпелі чатыры чалавекі, паведаміў мэр горада Ігар Церахаў. Паводле яго інфармацыі, расейскія вайскоўцы нанесьлі ўдар па крытычнай інфраструктуры аднаго з раёнаў гораду. На месцы выбуху ўзьнік пажар, перабіты газаправод.

«Пацярпелі і навакольныя дамы — бачым шмат выбітых вокнаў. Раніцай будзе пакватэрны абход, даведаемся больш падрабязна. На месцы працуюць усе адпаведныя службы і валянтэры», — дадаў Церахаў.

Па дадзеных кіраўніка Харкаўскай абласной вайсковай адміністрацыі Алега Сінягубава, адзін з удараў прыпаў на пасёлак Малая Данілаўка.

«Ёсьць пацэльваньне ў будынак фэрмы, узьнік пажар. Інфармацыя аб пацярпелых не паступала», — дадаў ён.

«Абстрэл грамады. Пяць выбухаў. Будзьце асьцярожныя», — напісаў кіраўнік Маладанілаўскай грамады Аляксандар Галалобаў.

Паветраная трывога гучала ноччу 30 траўня па ўсёй тэрыторыі Ўкраіны, уключаючы Кіеў і Кіеўскую вобласьць. Па дадзеных Паветраных сіл УСУ, туды рухаліся «Шагеды» з Чаркаскай вобласьці.

Пазьней Паветраныя сілы Ўкраіны паведамілі, што расейскія вайскоўцы выпусьцілі па тэрыторыі краіны восем зэнітных кіраваных ракет С-300/С-400, 11 крылатых ракет Х-101/Х-555 і 32 «Шагеды». Зь іх удалося зьбіць сем крылатых ракет і ўсе бесьпілётнікі ў Хмяльніцкай, Днепрапятроўскай, Чаркаскай, Кіраваградзкай, Запароскай, Адэскай, Херсонскай, Кіеўскай і Віньніцкай абласьцях.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне назвалі лік ахвяр расейскай вайны сярод дзяцей. Сьпіс павялічыўся пасьля новай атакі на Харкаў
  • Днём 25 траўня расейскія войскі абстралялі спальны раён Харкава, сярод іншага, пад абстрэл трапіў будаўнічы гіпэрмаркет. Паводле апошніх зьвестак, у выніку абстрэлаў загінулі каля 20 чалавек.
  • У ноч на 25 траўня расейскія войскі нанесьлі ўдар па Слабадзкім раёне Харкава. Мэр Ігар Церахаў паведаміў аб тым, што ў выніку трапленьня ракеты С-300 разбурана майстэрня адукацыйнай установы, пашкоджаны 31 аўтамабіль, выбіта шкло ў некалькіх шматпавярхоўках вакол, пацярпеў супэрмаркет.
  • Расейцы ў ноч на 23 траўня разбамбілі ў Харкаве выдавецтва — 7 супрацоўнікаў загінулі, 14 параненыя. Адна ракета трапіла ў цэнтар цэху. З чатырох тысяч квадратных мэтраў зруйнавалі больш за тысячу. Гэта быў найбольшы паліграфічны комплекс поўнага цыклю ў Эўропе, у ім друкаваліся амаль усе выдавецтвы Ўкраіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Прыклад маштабнай палітыкі генацыду». Расейцы зьнішчылі ў Харкаве выдавецтва, у якім выходзілі кнігі Алексіевіч

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.