25 гадоў таму, 30 траўня 1999-га, у цэнтры Менску ладзілася сьвята піва. Надвор’е рэзка сапсавалася, тысячы людзей кінуліся да мэтро. У цісканіне загінулі 53 чалавекі, у асноўным маладыя людзі, сотні атрымалі раненьні. Успамінаем трагедыю на Нямізе.
30 траўня 1999 году радыё «Мір» вырашыла адзначыць сваё двухгодзьдзе сьвятам з канцэртам і розыгрышам прызоў. Дзесяць накрывак ад цыгарэт бясплатна мянялі на паўлітра піва. Папулярны тады расейскі гурт «Манга-Манга» адыграў дзьве песьні перад шматтысячным натоўпам. Надвор’е рэзка сапсавалася, у 20:25 пачаўся моцны дождж з буйным градам. Тысячы людзей кінуліся да мэтро.
Паводле відавочцаў трагедыі, на лесьвіцы і ў пераходзе адначасова апынуліся сотні чалавек, узьнікла цісканіна, нехта пасьлізгаўся на мокрых сходах і падаў. Людзей ахапіла паніка.
Ужо празь некалькі хвілінаў праз натоўп наверх пачалі перадаваць загінулых і пацярпелых. Тых, хто падаваў прыкметы жыцьця, ля самага выхаду бралі за рукі і ногі і ў такіх позах несьлі ў машыны «хуткіх».
У той трагедыі загінулі 53 чалавекі, 250 атрымалі траўмы.
Бальшыня загінулых — маладыя людзі ад 14 да 20 гадоў, толькі трое былі старэйшымі за 30. Загінулі 42 дзяўчыны і 2 супрацоўнікі міліцыі.
Аляксандар Лукашэнка, які наведаў месца трагедыі ў той жа вечар, заявіў, што ня трэба шукаць вінаватых — лекары і праваахоўныя органы дзейнічалі бездакорна, а галоўнай прычынай трэба называць хмель. 1-га і 2-га чэрвеня ў Беларусі абвясьцілі жалобу.
Тады горад быў поўны розных чутак, многія зь якіх не пацьвердзіліся. Было вельмі шмат нэгатыўных аповедаў пра марадэрства, пра заніжаную колькасьць загінулых, пра тое, як людзі забівалі адно аднаго ў натоўпе.
«Тыя, хто выжыў у трагедыі, расказвалі значна лепшыя рэчы пра людзей, чым тыя, хто там ня быў. Адна дзяўчына, якая выжыла, казала, што яны дамовіліся з суседзямі, што будуць дыхаць па чарзе. А ў сьвядомасьці грамадзкай было, што там усе адно аднаго душылі, тапталі. Людзі, якія выжылі, апавядалі пра тых, хто дапамагаў.
Адзін хлопец сказаў, што ён ляжаў у канцы гэтага „корка“, дзе быў выхад мэтро. Ён казаў, што людзі там ляжалі, як сардыны. А далей была пустая прастора. І што з таго боку да яго падыходзіў міліцыянт, гладзіў па руцэ і супакойваў», — цытуе словы людзей, якія самі былі ў пераходзе, апынуліся ў гэтай цісканіне і выжылі, адна з аўтарак кнігі «Трагедыя на Нямізе» Паліна Сьцепаненка.
Пасьля здарэньня завялі крымінальную справу паводле артыкулу «халатнасьць», падазраванымі прызналі начальніка грамадзкай бясьпекі ГУУС Менгарвыканкаму Віктара Русака і начальніка аддзелу масавых мерапрыемстваў Міхаіла Кандраціна.
Старшыня Менгарвыканкаму Ўладзімер Ярмошын напісаў заяву аб адстаўцы, але Лукашэнка яе не прыняў. Ярмошын займаў пасаду да лютага наступнага году.
У 2002 годзе старшыня суду Цэнтральнага раёну Пётра Кіркоўскі перакваліфікаваў абвінавачваньне на артыкул, які не прадугледжвае адказнасьці за гібель людзей, і спыніў справу ў сувязі са сканчэньнем тэрміну даўнасьці. Сваякі загінулых атрымалі кампэнсацыю.
Супраць гарадзкіх уладаў, радыёстанцыі «Мір» і прадусарскага цэнтру «Клас-клуб ДК» (яны адказвалі за арганізацыю і бясьпеку на сьвяце піва) неаднаразова падаваліся судовыя пазовы. Усе яны былі адхіленыя.
Спачатку на месцы здарэньня паўстаў стыхійны народны мэмарыял: людзі прыносілі кветкі, партрэты загінулых, рабілі памятныя графіці, але пазьней улады усё прыбралі.
Праз 40 дзён побач зь месцам трагедыі быў зроблены мэмарыял у выглядзе 53 кветак, раскіданых па прыступках (ружы сымбалізуюць дзяўчат, туліпаны хлопцаў), а ў 2002-м паставілі таксама маленькую капліцу з мэталічнай плітой унутры, на якой высечаныя імёны загінулых.
Уладзімер Жбанаў прысьвяціў гэтай трагедыі сваю скульптуру «Дзяўчынка з парасонам», усталяваную ў Міхайлаўскім сквэры.
Праз год выйшла кніга пра тыя падзеі — «Трагедыя на Нямізе». Яе аўтары — Тацяна Равяка і Паліна Сьцепаненка. Некалькі інтэрвію зроблена журналісткай Тацянай Сьнітко.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Галоўны архітэктар Менску параіў хутчэй забыць імёны ахвяраў», — аўтарка кнігі пра трагедыю на НямізеЁсьць шмат вэрсіяў трагедыі, ад калянавуковых да рэлігійных — у гэты ж дзень праваслаўныя адзначалі сьвята Троіцы. Насупраць уваходу ў мэтро знаходзіцца і праваслаўны храм. Сваякі загінулых вінавацяць улады і міліцыю, многія кажуць, што цісканіну справакавалі некалькі невядомых маладых людзей, якім удалося пазьбегнуць пакараньня. Улады настойваюць, што гэта зьбег акалічнасьцяў і вучыцца можна толькі на памылках — пасьля трагедыі былі распрацаваныя адпаведныя пляны, якія, на шчасьце, пакуль не былі апрабаваныя ў рэальных умовах.
Беларускі рок-музыка Аляксандар Памідораў прысьвяціў трагедыі песьню «Крывавае сьвята». Песьня дакумэнтальная, напісаная пасьля размоваў са сьведкамі трагедыі: