Мабільнага апэратара А1 аштрафавалі за «парушэньні ў цэнаўтварэньні»

Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю Беларусі (МАРГ) правяло праверку мабільнага апэратара А1 і знайшло «парушэньні ў цэнаўтварэньні». Кампанію аштрафавалі, паведаміла прэс-служба ведамства.

Паводле МАРГ, падчас праверкі ў А1, у прыватнасьці, «адсутнічалі эканамічныя разьлікі, якія пацьвярджаюць узровень устаноўленых на паслугі сотавай рухомай электрасувязі тарыфаў». Па выніках праверкі кампанію прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасьці.

Эканамічны суд Менску аштрафаваў апэратара А1 на 5% ад кошту рэалізаваных паслуг, гаворыцца ў паведамленьні. Канкрэтная сума штрафу не ўдакладняецца.

Акрамя гэтага, службовую асобу кампаніі аштрафавалі на 480 рублёў (12 базавых велічыняў). Пастановы пакуль не набылі моц, іх можна абскардзіць у Вярхоўным судзе.

  • Днямі стала вядома, што Камітэт дзяржкантролю ўзяўся за мабільных апэратараў. 22 траўня КДК заявіў, што праверыў апэратараў мабільнай сувязі і прыйшоў да высновы, што іх дзейнасьць «накіраваная на атрыманьне выгады, часта без захаваньня інтарэсаў грамадзян і дзяржавы», што яны фармуюць цэны на паслугі «зь перавышэньнем разумнай даходнасьці», атрымліваючы «практычна неабмежаваны прыбытак», і не забясьпечваюць пры гэтым «належную якасьць паслуг сувязі».
  • Паводле КДК, ведамства ўнесла прапановы аб «упарадкаваньні дзейнасьці апэратараў» на разгляд Аляксандру Лукашэнку, і той іх нібыта падтрымаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 10 фактаў пра кампанію А1, на якую ціснуць сілавікі і прапагандысты
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суўладальнік A1 Telekom Austria Group хацеў прадаць бізнэс у Беларусі