Беларуса затрымалі ў Маскве, вярнулі на радзіму і аштрафавалі за ўхіленьне ад вайсковай службы

Брама вайсковага камісарыяту, архіўнае фота

Расейская паліцыя затрымала беларуса ў Маскве на запыт уладаў Беларусі.

Суд Верхнядзьвінскага раёну аштрафаваў на 6000 рублёў зарэгістраванага ў аграгарадку Валынцы Дзьмітрыя Сухадольскага. Яго судзілі па артыкуле аб ухіленьні ад прызыву (арт. 435 КК), піша «Віцебская Вясна».

Сухадольскі працяглы час жыве ў Маскве. У судзе ён сваю віну прызнаў і расказаў, што пасьля заканчэньня ВНУ думаў, што трэба будзе ісьці ў войска, і чакаў выкліку ў вайсковы камісарыят.

Пазьней у сельсавеце Дзьмітры атрымаў позву туды, але зноў пахаў у Расею.

У 2024 годзе Сухадольскі прыехаў у Беларусь памяняць пашпарт, аднак у вайсковы камісарыят не пайшоў. Ён патлумачыў гэта тым, што яму трэба было вяртацца на працу ў Маскву. Ужо там яго на запыт уладаў Беларусі затрымалі мясцовыя сілавікі. Сухадольскага даставілі ў Беларусь і асудзілі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі плянуюць прызываць у войска па СМС
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суды ў Беларусі разглядаюць справы за недастатковую гатоўнасьць да вайны