«Віцебская вясна» адзначае, што ў 2023 годзе на Мёршчыне выпадкаў «невыкананьня ваенна-транспартнага абавязку» мясцовымі прадпрыемствамі было толькі тры, а ўжо сёлета праз раённы суд прайшло сем такіх адміністрацыйных спраў.
Так, 22 красавіка судзьдзя Мёрскага раёну Ірына Яскевіч разгледзела адміністрацыйную справу ў дачыненьні да дырэктара сельскагаспадарчага прадпрыемства «Любінава» Васіля Хамёнка. Ваенкамат выявіў пры праверцы ААТ «Любінава», што яно не гатовае, у выпадку вайны, даць войскам неабходны транспарт. Дырэктар не забясьпечыў гатоўнасьць аўтамабіляў: МАЗ 555142, УАЗ 390945 і УАЗ 31631, бо машыны не прайшлі тэхагляду. Віна кіраўніка ў тым, што ён «не арганізаваў закладку камплектаў запасных частак, шанцавой прылады і заправачнага інвэнтару для аўтамабіляў».
У судзе дырэктар не прысутнічаў. Згодна з пратаколам, віну прызнаў, хадайнічаў аб разглядзе справы безь яго.
Судзьдзя Яскевіч вызваліла Хамёнка ад адміністрацыйнай адказнасьці, паколькі ён прызнаў факт правапарушэньня, і вынесла яму папярэджаньне.
- За чатыры месяцы сёлетняга году ў Віцебскай вобласьці суды разгледзелі 13 адміністрацыйных спраў па артыкуле 24.40 КаАП РБ («Невыкананьне ваенна-транспартнага абавязку»), а летась такіх разглядаў было толькі дзевяць. Судзьдзі нікога не пакаралі.
- Суды па артыкуле за невыкананьне «вайскова-транспартнага абавязку» працягваюцца. Паседжаньні ў розных раёнах ёсьць у раскладзе на сайце Вярхоўнага суду.
Форум