Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International зафіксавала рэкордную за апошнія 10 гадоў колькасьць прывядзеньня ў выкананьне сьмяротных выракаў.
Згодна з абнародаваным дакладам арганізацыі, «Беларусь засталася адзінай у Эўропе краінай, у якой выкарысталі сьмяротнае пакараньне: у 2023 годзе на сьмяротнае пакараньне асудзілі аднаго чалавека».
«Расея і Таджыкістан працягвалі выконваць мараторый на пакараньне», — адзначаецца ў дакумэнце.
Паводле зьвестак Amnesty International, у 2023 годзе ў 52 краінах сьвету вынесьлі ня менш за 2428 новых сьмяротных выракаў супраць 2016 выпадкаў у 2022 годзе. Зьмякчэньне выракаў або памілаваньне зафіксавалі ў 27 краінах.
«Пяць краін — Беларусь, Камэрун, Японія, Марока/Заходняя Сахара і Зымбабвэ — вынесьлі сьмяротныя выракі пасьля перапынку», — зазначана ў дакладзе.
У дакладзе адзначаецца, што ў 2023 годзе ў розных краінах выканалі 1153 пакараньні сьмерцю (Кітай ня ўлічаны), што сьведчыць пра рост больш як на 30% у параўнаньні з 2022 годам. Гэта самы высокі паказьнік, зафіксаваны Amnesty International з 2015 году, калі сьмерцю пакаралі 1634 чалавекі.
«Вялізны ўсплёск зарэгістраваных пакараньняў сьмерцю быў у першую чаргу зьвязаны з Іранам. Іранскія ўлады прадэманстравалі поўнае грэбаваньне чалавечым жыцьцём і павялічылі пакараньне сьмерцю за злачынствы, зьвязаныя з наркотыкамі, яшчэ больш падкрэсьліваючы дыскрымінацыйны ўплыў сьмяротнага пакараньня на найбольш маргіналізаваныя і зьбяднелыя супольнасьці Ірану», — сказала генэральная сакратарка Amnesty International Агнэс Каламар.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Іране павесілі «нявесту-дзіця». Яна стала 18-й жанчынай у краіне, пакаранай сьмерцю сёлетаПакараньні сьмерцю адбыліся ў 16 краінах — найменшая колькасьць, зафіксаваная Amnesty International. Адзначаецца, што ў Беларусі, Японіі, М’янме і Паўднёвым Судане не зафіксавалі ніводнага выпадку прывядзеньня сьмяротнай кары ў выкананьне.
Найчасьцей, паводле зьвестак праваабаронцаў, караюць сьмерцю ў Кітаі, Іране, Саудаўскай Арабіі, Самалі і ЗША. У Злучаных Штатах Амэрыкі ў 2023 годзе сьмяротныя выракі выканалі адносна 24 асобаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вярхоўны суд пакінуў у сіле сьмяротны вырак жыхару Слуцку