Урад Рэспублікі Сэрбскай адклікаў з разгляду ў парлямэнце закон аб спэцыяльным рэестры і галоснасьці працы некамэрцыйных арганізацый, больш вядомы ў грамадзтве як закон аб «іншаземных агентах».
Як паведаміла сэрбская служба Радыё Свабода, гэтае рашэньне агучыў віцэ-прэм’ер, міністар юстыцыі Сэрбіі Мілаш Букейлавіч.
Праект закону, ухвалены ў першым чытаньні летась у верасьні, прадугледжваў асаблівы нагляд і магчымасьць забароны на працу для няўрадавых арганізацый, якія фінансуюцца з-за мяжы, забарону на палітычную дзейнасьць, неабходнасьць дадатковай рэгістрацыі і абавязковых фінансавых справаздач.
Дакумэнт вызначаў «агентамі іншаземнага ўплыву» некамэрцыйныя арганізацыі, якія дапамагаюць замежным суб’ектам і якія займаюцца палітычнымі дзеяньнямі або палітычнай дзейнасьцю, уплывам на грамадзкую думку, а таксама тыя, дзейнасьць якіх накіравана на «парушэньне цэласнасьці і Канстытуцыі Рэспублікі Сэрбскай».
Праект закону ўключылі ў парадак дня парлямэнцкай сэсіі сёлета 22 траўня, нягледзячы на пісьмовы заклік 46 няўрадавых арганізацыяў да дэпутатаў не падтрымліваць закону, паводле якога будуць атакаваць «кожнага, хто змагаецца за правы чалавека і супраць карупцыі».
У лісьце ад 20 траўня місія АБСЭ таксама папярэдзіла, што закон аб «іншаземных агентах» супярэчыць канстытуцыям Рэспублікі Сэрбія і Босьніі і Герцагавіны, а таксама міжнародным абавязаньням краіны ў галіне правоў чалавека.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусь прыехаў лідэр басьнійскіх сэрбаў Додзік, вядомы сваёй прарасейскай пазыцыяйЗакон у 2022 годзе анансаваў прэзыдэнт Рэспублікі Сэрбскай Міларад Додзік, які знаходзіцца ў санкцыйных сьпісах ЗША і Вялікай Брытаніі за перашкоды выкананьню Дэйтанскага пагадненьня і парушэньне легітымнасьці і функцыянальнасьці дзяржавы Босьнія і Герцагавіна. Таксама ён супраціўляецца рэформам у Босніі і Герцагавіне, ад чаго краіна ня рухаецца далей у пытаньнях эўраінтэграцыі і ўступленьня ў NATO.
Дасьледаваньне сэрбскай службы Радыё Свабода паказала, што закон блізкі да аналягічнага закону, ухваленага ў Расеі ў 2012 годзе.
28 траўня аналягічны закон ухваліў парлямэнт Грузіі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Парлямэнт Грузіі пераадолеў вэта прэзыдэнта на закон аб «іншаземных агентах». Пратэсты ў краіне не спыняюцца