29 траўня суд Ленінскага раёну Магілёва пачынае працэс у крымінальнай справе мастачкі-керамісткі Алены Карпенкі. Яе абвінавачваюць у паклёпе на Лукашэнку (арт. 370 КК). Судовы працэс зафіксаваны ў раскладзе, піша Mayday.
Карпенку затрымалі ў Адзіны дзень галасаваньня, калі яна зафіксавала на відэа ўчастак для галасаваньня (УВК № 87), які разьмяшчаўся на тэрыторыі Магілёўскай псыхіятрычнай лякарні.
Дзяржаўная прапаганда заявіла, што Карпенка адправіла відэаролік у «экстрэмісцкі канал», хаця сама Карпенка паведаміла, што толькі даслала відэа сваёй сяброўцы, якая знаходзіцца за мяжой.
Супраць Карпенкі завялі адміністрацыйную справу, асудзілі яе і адправілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня. Падобна, з таго часу яна на волю не выходзіла.
Алена Карпенка — мастачка-керамістка з Магілёва, вучылася ў Менску на архітэктурным факультэце БНТУ. Вырабляе розныя ўпрыгажэньні і посуд з керамікі, а таксама займаецца каліграфіяй і жывапісам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэкордныя лічбы датэрміновай яўкі, ахова на ўчастках, адсутнасьць незалежных назіральнікаў: як прайшлі «выбары-2024» у Беларусі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 21 траўня: крымінальная справа за пост у Instagram пра Лукашэнку; сямейную пару асудзілі за ўдзел у пратэстах 2020 году