Польшча паабяцала ў статусе старшыні ЭЗ падтрымаць дэмакратычную Беларусь

Польскі міністар эўрапейскіх справаў Адам Шлапка, Павал Латушка, Юры Губарэвіч

Польшча будзе падтрымліваць грамадзянскую супольнасьць і дэмакратычныя сілы Беларусі падчас свайго старшыняваньня ў Эўразьвязе з 1 студзеня 2025 года.

Гэтая тэма абмяркоўвалася на сустрэчы прадстаўніка ў транзыце ўлады Аб’яднанага пераходнага кабінэта (АПК) Паўла Латушкі і яго намесьніка, кіраўніка кампаніі «Кадравая рэзэрва» Юрыя Губарэвіча зь міністрам эўрапейскіх справаў Польшчы Адамам Шлапкам.

Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал АПК.

«Мы атрымалі запэўніваньні, што ў праграме, якая будзе прынятая падчас старшыняваньня Польшчы ў ЭЗ, будзе прадугледжана падтрымка грамадзянскай супольнасьці і дэмакратычных сілаў Беларусі», — заявіў Латушка па выніках сустрэчы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Латушка прадставіць рабочай групе Рады ЭЗ шляхі прыцягненьня Лукашэнкі да адказнасьці

Падчас перамоваў польскі міністар адзначыў важнасьць:

  • адкрыцьця памежных пераходаў паміж Беларусьсю і Польшчай;
  • больш маштабных адукацыйных праграм і стажаў для беларусаў у Эўропе;
  • гарманізацыі гандлёвых санкцый адносна Расеі і рэжыму Лукашэнкі для супрацьдзеяньня агрэсіі супраць Украіны;
  • прыцягненьня Лукашэнкі і ягоных саўдзельнікаў да адказнасьці за міжнародныя злачынствы.

Што такое Аб’яднаны пераходны кабінэт Беларусі

На канфэрэнцыі «Новая Беларусь» у Вільні 9–10 жніўня Сьвятлана Ціханоўская заявіла аб стварэньні Аб'яднанага пераходнага кабінэту, які будзе працаваць на галоўныя мэты:

  • Абараняць незалежнасьць і сувэрэнітэт Рэспублікі Беларусь, прадстаўляць нацыянальныя інтарэсы Беларусі. Ажыцьцявіць фактычную дэакупацыю Беларусі.
  • Аднавіць канстытуцыйную законнасьць і правапарадак.
  • Распрацаваць і рэалізаваць меры па спыненьні незаконнага ўтрыманьня ўлады, забясьпечыць транзыт улады ад дыктатуры да дэмакратыі, стварыць умовы для правядзеньня сумленных і свабодных выбараў.
  • Распрацоўваць і выконваць рашэньні, неабходныя для дасягненьня дэмакратычных перамен у Беларусі.
  • І ў выніку гэтага павінны быць вызваленыя ўсе палітвязьні.

У складзе Кабінэту пад кіраўніцтвам Ціханоўскай сярод іншых працуюць:

  • Павал Латушка — прадстаўнік Кабінэту па транзыце ўлады;
  • Аляксандар Азараў — па аднаўленьні правапарадку;
  • Валер Кавалеўскі — па замежных справах;
  • Валер Сахашчык — па абароне і нацыянальнай бясьпецы;
  • Вольга Гарбунова — прадстаўніца ў сацыяльных пытаньнях;
  • Аліна Коўшык — прадстаўніца па нацыянальным адраджэньні.

Аб’яднаны пераходны кабінэт Ціханоўскай заявіў, што пачынае рыхтаваць беларусаў да старту пляну «Перамога».

Аб’яднаны пераходны кабінэт патрабуе і будзе дабівацца безумоўнага вываду ўзброеных сіл Расейскай Фэдэрацыі з тэрыторыі Беларусі.

Аб’яднаны пераходны кабінэт заснаваў Місію дэмакратычнай Беларусі ў Брусэлі і накіраваў свайго прадстаўніка ў Кіеў.