«Гэта стратэгічная апэрацыя для бясьпекі Польшчы», — падкрэсьліў міністар абароны Польшчы Ўладыслаў Касіняк-Камыш.
Ён растлумачыў, што праграма «накіраваная на ахову і абарону кожнага квадратнага мэтра тэрыторыі Рэспублікі Польшча».
Міністар абароны зазначыў, што «Шчыт Усход» — «найбуйнейшая апэрацыя ва ўмацаваньні мяжы з 1945 году».
У задачы праграмы, як ён зазначыў, уваходзяць: перашкоджэньне руху варожых войскаў, спрыяньне перамяшчэньню ўласных войскаў, абарона насельніцтва і гарантаваньне найвышэйшай бясьпекі польскіх узброеных сіл.
Касіняк-Камыш падкрэсьліў, што для гэтага неабходны шматгадовы інфраструктурны плян, які ўключае «ўмацаваньні розных тыпаў бар’ераў, але таксама самыя сучасныя сыстэмы маніторынгу паветранай прасторы па ўсіх парамэтрах, на кожнай вышыні».
Касіняк-Камыш таксама зьвярнуў увагу на рост ціску мігрантаў на польскую мяжу і нагадаў, што загарода на польска-беларускай мяжы будзе ўзмоцненая.
Падрабязнасьці праекту «Шчыт Усходу» прадставілі намесьнік кіраўніка Міністэрства нацыянальнай абароны Цэзары Томчык і начальнік Генэральнага штабу Польскага войска генэрал Веслаў Кукула.
Намесьнік міністра абароны Томчык паведаміў, што «ў наступныя некалькі тыдняў у Сэйм перададуць закон «аб інвэстыцыях асаблівай важнасьці для дзяржаўнай бясьпекі».
Томчык таксама паведаміў сярод іншага, аб неабходнасьці забясьпечыць ахову каля 700 кілямэтраў мяжы, у тым ліку 400 кілямэтраў мяжы зь Беларусьсю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўніца Эўракамісіі заклікала падрыхтаваць ЭЗ да магчымай вайны і інвэставаць у абарону ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З пачатку году краіны ЭЗ спынілі больш за 17 тысяч спробаў парушэньня мяжы з боку Беларусі, 87% зь іх — Польшча