26 траўня ў Літве праходзіць другі тур прэзыдэнцкіх выбараў. У ім якім, як і 5 гадоў таму, сустрэліся цяперашні прэзыдэнт краіны Гітанас Наўседа і кандыдатка ад кансэрватараў, прэм’ер-міністарка Інгрыда Шыманіце, паведамляе delfi.lt.
Выбарчыя ўчасткі па ўсёй Літве адкрытыя з 7 да 20 гадзінаў.
Абое кандыдатаў выступаюць за ўсебаковую падтрымку Ўкраіны ў вайне з Расеяй і ўмацаваньне па лініі NATO.
У першым туры выбараў, які прайшоў у Літве 12 траўня, за Гітанаса Наўседу прагаласавалі 43,95% выбарнікаў, а Інгрыда Шыманіце два тыдні таму набрала 20,05% галасоў. Яўка на галасаваньні склала 59,37%.
Паралельна зь першым турам выбараў у Літве праходзіў рэфэрэндум аб дазволе двайнога грамадзянства. Пяць гадоў таму папраўкі аб ім у Канстытуцыю на рэфэрэндуме не прынялі. Але цяпер, паводле вынікаў падліку бюлетэняў на 1629 з 1895 выбарчых участкаў, за двайное грамадзянства выказаліся 71,6% літоўцаў, супраць — 26,1%. Аднак рэфэрэндум ня будзе прызнаны, бо на яго не хапіла яўкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гітанас Наўседа і Інгрыда Шыманіце сустрэнуцца ў другім туры прэзыдэнцкіх выбараў у ЛітвеГаласаваньне ў Літве праходзіла ў новых геапалітычных умовах. Рэзкая ваенна-палітычная эскаляцыя ў рэгіёне ставіць праблему бясьпекі, захаваньня сувэрэнітэту краіны на першы плян. Фонам, на якім праходзілі выбары, было абвастрэньне адносінаў зь Беларусьсю, размахваньне Пуціным і Лукашэнкам ядзернай дубінай, зьяўленьне на літоўскай тэрыторыі вайсковых падразьдзяленьняў NATO і агульная пагроза «вялікай вайны», тлумачыў аналітык Свабоды Валер Карбалевіч.
Літоўская стабільнасьць выявілася ў тым, што на другіх запар прэзыдэнцкіх выбарах (2019, 2024) у наступны тур выходзяць тыя ж палітыкі: Гітанас Наўседа і Інгрыда Шыманіце. Розьніца ў тым, што 5 гадоў таму абое не займалі адказных дзяржаўных пасадаў і ў першым туры набралі амаль аднолькавую колькасьць галасоў — 31%. Цяпер абое займаюць самыя адказныя пасады ў дзяржаве, і разрыў у галасах паміж імі ў першым туры выбараў вялізны. Цяжар пасады кіраўніка ўраду, адказнага за эканоміку, у якой шмат праблем пад уплывам геапалітычных забурэньняў, пацягнуў рэйтынг прэм’еркі Шыманіце ўніз, адзначае аналітык.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнцкія выбары ў Літве: беларускі ракурс