У Літве 12 траўня прайшлі прэзыдэнцкія выбары і рэфэрэндум аб легалізацыі двайнога грамадзянства. Па папярэдніх выніках падліку галасоў, краіну чакае другі тур выбараў 26 траўня.
Яўка на галасаваньні склала 59,37%. У першым туры ўдзельнічалі восем кандыдатаў. Дзейны прэзыдэнт Гітанас Наўседа, паводле апошніх зьвестак, набраў 44,19%, прэм’ер-міністарка Інгрыда Шыманіце — 19,78%. Праз два тыдні гэтыя кандыдаты сустрэнуцца ў другім туры, адзначае Delfi.
Наўседа і Шыманіце ўжо змагаліся ў другім туры галасаваньня на прэзыдэнцкіх выбарах 2019 году. Але тады ў першым туры перамогу атрымала Шыманіце — 31,15% супраць каля 31% у Наўседы. Аднак у другім туры Наўседа перамог са значнай перавагай, набраўшы каля 66% галасоў.
Абое кандыдатаў выступаюць за ўсебаковую падтрымку Ўкраіны ў вайне з Расеяй і ўмацаваньне па лініі NATO.
Іншыя кандыдаты, папярэднія лічбы: Ігнас Вегеле 12,50%, Рэмігіюс Жамайтайціс 9,97%, Эдуардас Вайткус 7,66%, Дайнюс Жалімас 3,29%, Андрус Мазуроніс 1,47% і Гедрымас Яглінскас 1,33%.
Яўка склала 59,37%.
Акрамя таго, паралельна зь першым турам праходзіў рэфэрэндум аб дазволе двайнога грамадзянства. Пяць гадоў таму папраўкі аб ім у Канстытуцыю на рэфэрэндуме не прынялі. Але цяпер, паводле вынікаў падліку бюлетэняў на 1629 з 1895 выбарчых участкаў, за двайное грамадзянства выказаліся 71,6% літоўцаў, супраць — 26,1%. Аднак рэфэрэндум ня будзе прызнаны, бо на яго не хапіла яўкі.
Форум