«Да нас прыходзяць ужо паведамленьні пра тое, што ў Беларусі па беларускіх чатах рассылаюцца спасылкі з заклікам да галасаваньня. Выбарчая камісія і Каардынацыйная рада ня маюць ніякага дачыненьня да гэтых спасылак. Мы не займаемся ніякай рассылкай, як ёй не займаецца ніхто з выбарчых суб’ектаў», — падкрэсьліла Алена Прыходзька.
Яна заклікала беларусаў у мэтах бясьпекі не пераходзіць ні па якіх спасылках, якія ім дасылаюць у любых чатах, тэлеграм-каналах альбо ад імя прыватных асобаў.
«Карыстайцеся толькі афіцыйнымі спасылкамі, якія знаходзяцца на сайце Каардынацыйнай рады альбо ў афіцыйным тэлеграм-канале Каардынацыйнай рады. Яшчэ раз заклікаю вас, калі ласка, дбайце пра вашую бясьпеку», — падкрэсьліла Прыходзька.
Агулам, паводле старшыні выбарчай камісіі Каардынацыйнай рады, «дэмакратычныя выбары былі запушчаныя і цяпер яны адбываюцца».
Выбары ў новы склад Каардынацыйнай рады пачаліся апоўначы 25 траўня. З пачаткам онлайн-галасаваньня адбылася магутная DDoS-атака на плятформу Belarus ID, празь якую можна прагаласаваць на выбарах (DDoS-атака — спосаб наўмыснага парушэньня працы рэсурсу шляхам яго перагрузкі вялікай колькасьцю запытаў — рэд.): у першыя гадзіны анлайн-галасаваньня «прагаласаваць» нібыта зьбіраліся больш за 17 мільёнаў чалавек. Стваральнік плятформы Павал Лібер запэўніў, што «нічога страшнага не адбылося, але давялося падкарэктаваць сыстэму галасаваньня, таму яно пачалося крыху пазьней».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выбары ў Каардынацыйную раду пачаліся з начной DDoS-атакі. Як яны праходзяць, хто ўдзельнічае і як галасавацьГаласаваць на гэтых выбарах у Каардынацыйную раду будуць не за канкрэтных кандыдатаў, а за выбарчыя сьпісы. У выбарах удзельнічаюць 11 выбарчых сьпісаў.
Рэжым Лукашэнкі прызнаў усе 12 выбарчых сьпісаў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі». Сьледчы камітэт Беларусі завёў крымінальныя справы на 257 чалавек, якія выказалі жаданьне балятавацца ў Каардынацыйную раду.
На выбарах арганізавалі электроннае галасаваньне — праз плятформу «Голас» і праз адмысловую аплікацыю. Беларусы ўнутры краіны, могуць аддаць свой голас у вэб-вэрсіі, мабільная аплікацыя даступная толькі для тых, хто знаходзіцца за мяжой. Галасаваць могуць паўналетнія грамадзяне Беларусі, якія маюць беларускія пашпарты. Від на жыхарства іншай краіны ці праязны дакумэнт замежніка не падыдуць, таксама праграма не распазнае копіі ці сканы беларускага пашпарта.
Згодна зь першапачатковым плянам, выбары мусяць завяршыцца ў 23:59 27 траўня. Першыя вынікі аб’явяць не пазьней за 29 траўня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выбары ў КР: удзельнікі прызнаюць, што кампанія не прыцягнула належнай увагі, але абяцаюць агучыць колькасьць галасоў, «колькі б іх ні было»