Суд абгрунтаваў сваё рашэньне недастатковасьцю мер, якія прымаюцца для абароны цывільных жыхароў. За гэта прагаласавалі 13 судзьдзяў з 15, два былі супраць.
Акрамя таго, у рашэньні суду пазначана, што Ізраіль павінен забясьпечыць дастаўку ў сэктар Газа ўсёй неабходнай гуманітарнай дапамогі, а для гэтага трымаць памежны пераход у Рафаху адкрытым.
Размова ідзе пра так званыя тэрміновыя часовыя забесьпячальныя меры ў дачыненьні да Ізраілю па пазове, пададзеным раней ПАР і шэрагам іншых краінаў у сувязі з абвінавачаньнямі ў генацыдзе палестынцаў, якія Ізраіль адмаўляе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Байдэн назваў «абуральным» патрабаваньне пракурора Міжнароднага крымінальнага суду выдаць ордэр на арышт НэтаньягуУ студзені суд запатрабаваў ад Ізраілю прыняць меры па недапушчэньні генацыду палестынскага насельніцтва Газы, не дапускаць заклікаў да генацыду, не зьнішчаць доказы ўчыненьня магчымых злачынстваў у Газе, а таксама садзейнічаць паляпшэньню гуманітарнай сытуацыі ў Газе.
Тады ён не патрабаваў поўнага спыненьня ваеннай апэрацыі Ізраілю супраць групоўкі ХАМАС (прызнаная тэрарыстычнай у ЗША і ЭЗ) у Газе. Цяперашняе рашэньне тычыцца менавіта Рафаху, а ня ўсёй тэрыторыі сэктару. Суд ня стаў заклікаць Ізраіль цалкам спыніць апэрацыю супраць ХАМАС, чаго патрабавала ў сваім пазове ПАР.
Ізраіль настойвае, што мае права бараніць сябе ад пагрозы ХАМАС. «Ніякая сіла на Зямлі не прымусіць Ізраіль спыніць абарону сваіх грамадзян і перасьлед ХАМАСу ў Газе», — сказаў на брыфінгу ў пятніцу прэсавы сакратар ураду краіны Аві Хайман. Былы сталы прадстаўнік Ізраілю ў ААН Дані Данон напісаў у сацсетцы Х: «Пакуль судзьдзі Міжнароднага суду ў Гаазе цешацца камфортам і разыходзяцца да сваіх сем’яў, у Газе пакутуюць 125 закладнікаў. Ізраіль ня спыніць вайну, пакуль нашы закладнікі ня вернуцца дадому, а ХАМАС ня будзе цалкам пераможаны».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нарвэгія, Гішпанія і Ірляндыя прызналі Палестыну як незалежную дзяржаву. Ізраіль адклікае сваіх амбасадараўАгенцтва Reuters паведамляе, што адзін з вышэйшых чыноў ХАМАС ухваліў распараджэньне суду, але заявіў, што аднаго Рафаху недастаткова і што суд павінен загадаць Ізраілю цалкам спыніць баявыя дзеяньні ў сэктары Газа.
Міжнародны суд ААН ня мае магчымасьці прымусіць краіны да выкананьня сваіх рашэньняў. Напрыклад, у сакавіку 2022 году гэты ж суд прыняў рашэньне, якое загадвала Расеі неадкладна спыніць ваенныя дзеяньні ва Ўкраіне, што не было выканана. У выпадку невыкананьня рашэньня суду краіны, якія таго пажадаюць, могуць увесьці санкцыі супраць Ізраілю.
- Пазоў ПАР да Ізраілю быў пададзены 29 сьнежня летась. 11 і 12 студзеня сёлета судзьдзі заслухалі аргумэнты бакоў. Ізраіль настойваў, што суд павінен адхіліць пазоў.
- Ізраіль пачаў кампанію ў Газе ў адказ на напад ХАМАС 7 кастрычніка мінулага году, які ацэньваецца як найбуйнейшае масавае забойства габрэяў з часоў Галакосту. ЗША і шэраг іншых краін падтрымалі права Ізраілю на самаабарону, падкрэсьліваючы пры гэтым, што ён павінен прытрымлівацца міжнароднага права.
- Амаль усе арабскія і мусульманскія краіны ўсклалі віну на Ізраіль, заяўляючы, што прычына канфлікту — у ізраільскай акупацыі палестынскіх тэрыторый. Большасьць краінаў-чальцоў ААН запатрабавалі ад Ізраілю спыніць апэрацыю, указваючы на вялікую колькасьць цывільных жыхароў, якія загінулі, і гуманітарную катастрофу ў Газе.
Вайна Ізраілю з ХАМАСам. Асноўнае
- 7 кастрычніка 2023 году Ізраіль зазнаў ракетнага ўдару з боку сэктару Газа, а баевікі руху ХАМАС прарваліся на тэрыторыю краіны, забіўшы ня меней за 260 удзельнікаў музычнага фэсту і захапіўшы сотні закладнікаў. Некаторых людзей расстрэльвалі проста на вуліцах.
- Уварваньне з сэктару Газа адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.
- Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) у адказ на атаку пачала ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы». Ужо 8 кастрычніка Ізраіль афіцыйна абвясьціў стан вайны.
- ХАМАС папярэдзіў, што будзе забіваць аднаго з закладнікаў кожны раз, калі ізраільскія вайскоўцы будуць бамбіць цывільныя аб’екты ў Газе.
- Іран заявіў, што не бярэ ўдзелу ў вайне, але адкрыта заявіў пра падтрымку дзеяньняў ХАМАСу. Найвышэйшы ўладар Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў: «Мы цалуем рукі тым, хто плянаваў напад на сыянісцкі рэжым».
- Колькасьць параненых беларусаў на 10 кастрычніка 2023 году — 3 чалавекі. Стан адной з параненых жанчын цяжкі.
- 10 кастрычніка ў кібуцы Кфар Аза побач з сэктарам Газа выявілі целы дзясяткаў забітых, у тым ліку малых дзяцей.
- Міністар абароны Ізраілю Яаў Галант 11 кастрычніка заявіў, што войска пераходзіць да поўнамаштабнага наступу на сэктар Газа.
- Лібанская ўзброеная групоўка «Хезбала» 11 кастрычніка абстраляла супрацьтанкавымі ракетамі пазыцыі ізраільскіх вайскоўцаў і заявіла, што забіла і параніла іх.
- Па стане на 17 кастрычніка вядома, што ў Ізраілі з пачатку вайны загінулі трое грамадзян Беларусі.
- Ізраіль у лістападзе 2023 году пайшоў у атаку на сэктар Газа і заявіў аб пашырэньні наземнай апэрацыі.
- 22 лістапада стала вядома, што Ізраіль і ХАМАС у Катары падпісалі пагадненьне ад замірэньні на 4 дні. Пазьней замірэньне падоўжылі, але ўжо 30 лістапада яно спынілася пасьля ракет з Газы па Ізраілі, заявілі ў ЦАХАЛ.
- За час замірэньня з палону ХАМАС было вызвалена 105 закладнікаў, а з ізраільскіх турмаў 240 палестынскіх зьняволеных.
- 6 студзеня Ізраіль заявіў пра тое, што поўнач Газы зачышчаная ад баевікоў ХАМАС.
«Хэзбала» выпусьціла ракеты па Ізраілі на наступны дзень пасьля нападу ХАМАС, у кастрычніку 2023 году. З таго часу абстрэлы на мяжы адбываюцца амаль штодня. Дзясяткі тысяч жыхароў эвакуавалі з прымежных раёнаў з абодвух бакоў.
«Хэзбала» — ваенізаваная групоўка і палітычная партыя, якая кантралюе значную частку паўднёвага Лібану. Злучаныя Штаты лічаць яе тэрарыстычнай арганізацыяй. Эўрапейскі Зьвяз унёс у свой сьпіс такіх арганізацыяў толькі яе ўзброенае крыло, але не палітычную партыю (партыя «Хэзбалы» прадстаўлена ў парлямэнце Лібану). «Хэзбала» таксама ёсьць часткаю так званай іранскай «восі супраціву» — сеткі іранскіх давераных асобаў і падтрыманых Тэгеранам групаў баевікоў, якія выступаюць супраць Ізраілю і ЗША. - Увосень 2024 году рэзка вырасла супрацьстаяньне на ізраільска-лібанскай мяжы. «Хэзбала» атакавала Ізраіль, а ў Тэль-Авіве вырашылі правесьці сэрыю авіяналётаў, каб зьнішчыць атакавальны патэнцыял «Хэзбалы».
- 23 верасьня Ізраіль распачаў першую з 2006 году наземную апэрацыю на поўдні Лібану, калі пачалася Другая лібанская вайна (Ліпеньская вайна). Апэрацыю назвалі «Стрэлы поўначы».
- 27 верасьня Ізраіль нанёс магутныя ўдары па Лібане і забіў лідэра «Хэзбалы» Хасана Насралу.
- 3 кастрычніка Армія абароны Ізраілю паведаміла пра атаку на аб’екты «Хэзбалы» ў Бэйруце.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.