Сьцісла:
- Ніякай практычнай неабходнасьці ў нечаканым візыце расейскага прэзыдэнта у Менск не было. Галоўная ягоная мэта — дэманстратыўная.
- Другі візыт Пуціна пасьля інаўгурацыі зьяўляецца дэманстрацыяй замежнапалітычнага прыярытэту, добразычлівасьці Пуціна да свайго адзінага саюзьніка. Бо саюзьнік падчас вайны дорага каштуе.
- Прыезд Пуціна ў Менск дзеля абмеркаваньня хады вучэньняў у справе ўжываньня тактычнай ядзернай зброі — гэта пагроза Захаду, сыгнал, спроба запалохаць праціўніка.
- Наконт усіх астатніх тэмаў перамоваў цяжка вылучыць нейкую канкрэтыку — ва ўсялякім разе, у публічнай прасторы.
Папярэдні раз Уладзімер Пуцін наведаў Беларусь з працоўным візытам у сьнежні 2022 году. Была, праўда, яшчэ ягоная паездка на саміт АДКБ у Менск у лістападзе летась. І вось цяпер нечакана прыехаў ізноў.
Прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі называе гэты візыт «афіцыйным». А на сайце прэзыдэнта Расеі статус візыту не пазначаны. Лукашэнка сустракаў Пуціна ў аэрапорце, што робіць даволі рэдка падчас наведваньня нават высокіх гасьцей.
Ніякай практычнай неабходнасьці ў гэтым прыезьдзе расейскага прэзыдэнта не было. Пуцін і Лукашэнка сустракаюцца даволі часта. Дзеля гэтага ў Маскву накіроўваецца сам Лукашэнка. Апошнія разы ён быў там 11–12 красавіка і на пачатку траўня. Напярэдадні параду 9 траўня ў сталіцы РФ Лукашэнка і Пуцін перамаўляліся да трох гадзін ночы.
Таму можна сьцьвярджаць, што цяперашні візыт у Беларусь прэзыдэнта Расеі — дэманстратыўны. Ён дасылае два мэсэджы. Паводле міжнароднай традыцыі, новаабраны кіраўнік дзяржавы ладзіць першы візыт у краіну, якая найбольш важная з гледзішча нацыянальных інтарэсаў. Гэта дэманстрацыя прыярытэту ў замежнай палітыцы. Апошнія чвэрць стагодзьдзя прэзыдэнты Расеі адразу пасьля абраньня першы візыт, як правіла, ладзілі ў Менск. Больш таго, нават расейскія прэм’ер-міністры пасьля прызначэньня найперш наведвалі беларускую сталіцу.
Гэтым разам пасьля інаўгурацыі Пуцін паехаў у Кітай. У Крамлі сыходзілі зь лёгікі, што Беларусь нікуды ня дзенецца, Лукашэнка крыўдаваць ня будзе, яму няма куды бегчы з падводнай лодкі. А ад пазыцыі Кітая для Масквы шмат што залежыць. Палітыка Пэкіна адносна вайны Расеі супраць Украіны ў значнай ступені зьяўляецца вагаром, які можа, як лічаць у Крамлі, моцна ўплываць на стаўленьне да гэтага канфлікту з боку сусьветнай супольнасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін і Лукашэнка зрабілі заявы пра ядзерныя вучэньні і легітымнасьць прэзыдэнта ЎкраіныА вось другі візыт Пуціну трэба было ладзіць у Менск, іншых варыянтаў тут няма. Інакш яго не зразумелі б ня толькі ў Беларусі, але і ў самой Расеі, у блізкім замежжы. Калі хто не зразумеў, то Лукашэнка гэта асабліва падкрэсьліў падчас сустрэчы дарагога госьця ў аэрапорце: «Пасьля выбараў гэта адзін зь першых візытаў. Пасьля Кітайскай Народнай Рэспублікі — нашых сяброў». На гэта зьвярнуў увагу і Пуцін падчас заключнай прэс-канфэрэнцыі.
Таму візыт выглядае як дэманстрацыя добразычлівасьці Пуціна да свайго адзінага саюзьніка. Бо саюзьнік падчас вайны дорага каштуе і ў палітычным, і ў фінансавым сэнсе. Таксама важна зьвярнуць увагу, што Пуцін прыехаў не адзін, а з урадавай дэлегацыяй, у складзе якой новы міністар абароны Расеі Андрэй Белавусаў, міністар замежных спраў Сяргей Лаўроў, іншыя высокія чыноўнікі.
А другі мэсэдж — ворагам, то бок Захаду, Украіне. Вайна, якую вядзе Расея, дасягнула кульмінацыі. Абодва бакі робяць крокі, каб прадэманстраваць сілу і рашучасьць да перамогі. ЗША размарозілі вялікі пакет дапамогі Ўкраіне. Захад разам з украінскім кіраўніцтвам ладзяць вялікую канфэрэнцыю ў Швэйцарыі, якая, паводле задумы, павінна сфармаваць антырасейскую кааліцыю.
Масква робіць крокі ў адказ. Гэта і візыт Пуціна ў Пэкін, і пляны аднабаковых зьменаў Расеяй марскіх межаў у Балтыйскім моры.
І, можа, галоўны крок. 6 траўня Мінабароны Расеі аб’явіла аб вучэньнях у справе прымяненьня тактычнай ядзернай зброі (ТЯЗ). На другі дзень міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін заявіў, што Беларусь правядзе сынхранізаваную з Расеяй трэніроўку. 9 траўня Пуцін і Лукашэнка паведамілі, што Беларусь далучыцца да Расеі на другім этапе вучэньняў па адпрацоўцы прымяненьня тактычнай (нестратэгічнай) ядзернай зброі.
Сыгнал Захаду даволі празрысты: памахаць перад іх тварам ядзернай дубінай. Абодва дыктатары прагаварылі гэта адкрытым тэкстам. Лукашэнка анансаваў парадак дня перамоваў так: «Думаю, як звычайна, мы пытаньні бясьпекі — на першы плян».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка падчас перамоваў з Пуціным: Менск і Масква захоўваюць курс на ўзмацненьне інтэграцыіПуцін пацьвердзіў пляны абмеркаваць з Лукашэнкам вучэньні па прымяненьні нестратэгічнай ядзернай зброі: «Пагаворым, вядома, і пра другую фазу вучэньняў. Гэта зьвязана з прамым удзелам нашых беларускіх сяброў, калег у ваеннай сфэры ў гэтых мерапрыемствах».
Варта зьвярнуць увагу, што ТЯЗ — гэта зброя лякальнага прымяненьня. Ёй немагчыма пагражаць, напрыклад, ЗША ці нават Заходняй Эўропе. Яе носьбіты не прадугледжваюць выкарыстаньня на далёкіх адлегласьцях. Таму, каб пагражаць, трэба наблізіць пункты дысьлякацыі ТЯЗ бліжэй да ворагаў. І ў цяперашніх умовах Беларусь — аптымальнае месца, якое надае Расеі стратэгічную глыбіню ў супрацьстаяньні з NATO. Ёсьць магчымасьць пагражаць Латвіі, Літве, Польшчы, Украіне.
Сумесныя вучэньні Беларусі і Расеі ў справе прымяненьня ТЯЗ — гэта спроба Масквы запалохаць Захад, адлюстраваньне курсу на эскаляцыю, дэманстрацыя таго, што Расея ідзе на падвышэньне ставак у вайне, гатовая ўжыць ядзерную зброю і рыхтуецца ўжо да яе практычнага выкарыстаньня.
Невыпадкова на выніковай прэсавай канфэрэнцыі першым пытаньнем беларускай журналісткі была якраз тэма гэтых вучэньняў. Лукашэнка адзначыў, што 90% часу сустрэч з Пуціным прысьвечаны пытаньням абароны.
Што да астатніх тэмаў перамоваў, то тут цяжка ўлавіць нейкую канкрэтыку, ва ўсялякім разе, у публічнай прасторы. Было шмат пафасу, рытуалу, што стане хіба што добрым матэрыялам для прапаганды абедзьвюх краін.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.