Вярхоўны прадстаўнік Эўрапейскага Зьвязу ў замежных справах і палітыцы бясьпекі Жузэп Бурэль заявіў аб падтрымцы Эстоніі ў памежным інцыдэнце, які ўчыніла Расея, калі ў аднабаковым парадку дэмантавала на рацэ Нарве буі, што вызначалі на эстонскім баку мяжу з Расеяй.
«Гэты памежны інцыдэнт зьяўляецца часткай больш шырокай схемы правакацыйных паводзін і гібрыдных дзеяньняў Расеі, у тым ліку на яе марскіх і сухапутных межах у рэгіёне Балтыйскага мора. Такія дзеяньні недапушчальныя. Эўразьвяз чакае ад Расеі тлумачэньняў наконт дэмантажу буёў і іх неадкладнага вяртаньня», — заявіў Жузэп Бурэль.
Міністэрства замежных спраў Эстоніі 24 траўня выклікала часовага паверанага Расеі пасьля таго, як расейскія памежнікі зьнялі эстонскія буі на рацэ Нарве.
Міністар замежных спраў Эстоніі Маргус Цахкна заявіў, што Эстонія знаходзіцца ў цесным кантакце з партнэрамі.
«Мы дакладна заявілі паверанаму ў справах Расеі, што такія крокі зьяўляюцца правакацыйнымі, і патрабавалі тлумачэньняў з нагоды зьняцьця памежных буёў і тэрміновага іх вяртаньня», — заявіў эстонскі міністар пасьля выкліку расейскага дыплямата.
Што папярэднічала
Як паведаміла выданьне rus.err.ee, у ноч на 23 траўня расейскія памежнікі дэмантавалі больш за 20 буёў, якія ўсталявала памежная ахова Эстоніі ў сваіх памежных водах для пазначэньня фарватэру.
Рэчышча ракі з часам мяняецца, таму кожнай вясной абазначэньне фарватэру пераглядаецца. Эстонія ўсталявала буі згодна з дамовай аб дзяржаўнай мяжы і пагадненьнем аб разьмяшчэньні буёў, падпісанымі ў 2022 годзе.
Расія паведаміла, што яна ня згодная зь месцамі ўсталяваньня прыкладна паловы з 250 буёў.
Плывучыя знакі неабходныя для прадухіленьня навігацыйных памылак, каб эстонскія рыбакі і адпачывальнікі ня трапілі памылкова ў расейскія воды.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея рыхтуецца ў аднабаковым парадку зьмяніць марскія межы зь Літвой і Фінляндыяй у Балтыйскім моры