Рыторыка «вакол і ўнутры нас ворагі і агенты» некалькі гадоў не пакідае вуснаў беларускай улады і кіраўніцтва спэцслужбаў. Старшыня КДБ Іван Тэртэль заявіў у лютым 2024-га, што за шпіёнскую дзейнасьць у 2022-2023 гадах у Беларусі затрымалі 16 замежных грамадзян. У асноўным гэта нашы суседзі: украінцы, літоўцы, палякі..
Затрымлівалі іншаземцаў праз абвінавачваньне ў шпіянажы на карысьць іншай дзяржавы і да пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. З 2013-га па 2018 год такіх выпадкаў было 36.
Аднаго з затрыманых «шпіёнаў», украінскага журналіста Паўла Шаройку, у 2019 годзе памянялі на «шпіёна» зь Беларусі, якога злавілі ва Ўкраіне — Юрыя Палітыку. Абмен адбыўся напярэдадні сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Зяленскага ў Жытоміры ў 2019 годзе.
Літоўскія «шпіёны»
Літоўскія ўлады за апошнія год-два не называлі дакладнай лічбы сваіх грамадзян, затрыманых у Беларусі па абвінавачваньні ў шпіянажы. Гаварылася толькі пра «некалькі чалавек». Адным з апошніх стаў выпадак Алены Раманаўскене, якую пачнуць судзіць у закрытым рэжыме ў Менску 3 чэрвеня. Ёй пагражае да 7 гадоў калёніі. Раманаўскене затрымалі летась за «агентурную дзейнасьць». Літоўскія СМІ сьцьвярджаюць, што МЗС у курсе сытуацыі і затрыманай аказваюць дапамогу. Пра гэта выданьню BNS заявіла прадстаўніца міністра замежных спраў Паўліна Лявіцкіце.
Выданьне 15.min піша, што грамадзянка Літвы, затрыманая ў Беларусі, раней працавала ў санаторыі «Беларусь» (разьмешчаны ў Друскеніках).
59-гадовая Алена Раманаўскене нарадзілася ў Беларусі, скончыла Беларускі дзяржаўны эканамічны ўнівэрсытэт. Пасьля жыла і працавала ў Літве. У 2023 годзе яна яна была кандыдаткай на выбарах у гарадзкую раду Друскенікаў ад камітэта «За Друскенікі», але выбраная не была. Працавала загадчыцай аддзела маркетынгу ў санаторыі «Беларусь», а таксама ўзначальвала невялікую прыватную кампанію.
Улетку 2022 году ў Беларусі затрымалі Андрэя Кобеля. Ён працаваў галоўным доктарам таго самага санаторыя «Беларусь», пасьля — на той жа пасадзе ў санаторыі ў Сочы (Расея). Пазьней кіраваў аддзелам Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру пульманалёгіі ў Менску.
Працэс над ім пачаўся 16 жніўня 2023 году ў Менскім гарадзкім судзе. Мэдыка вінавацілі ў «здрадзе дзяржаве». Кобеля нібыта завэрбавалі літоўскія спэцслужбы пад пагрозай шантажу і патрабавалі зьбіраць і перадаваць зьвесткі пра тых, хто адпачывае ў санаторыях, а таксама інфармацыю пра рэзыдэнцыю Аляксандра Лукашэнкі ў Сочы на тэрыторыі санаторыя. Прапагандысты вінавацілі Кобеля ў тым, што ён нібыта ўладкоўваў на працу людзей на патрабаваньне Дэпартамэнту дзяржаўнай бясьпекі Літвы. Літоўскія спэцслужбы працэсу не камэнтуюць. Прысуд мэдыку невядомы.
Польскія
Актыўна вышукваюць беларускія ўлады і польскіх «шпіёнаў». Адзін зь іх, 58-гадовы грамадзянін Польшчы Ежы Жывалеўскі, атрымаў на судзе 4 гады калёніі.
Ён паходзіць зь вёскі на польскім Падляшшы. Ажаніўся зь беларускай Аленай і пераехаў жыць у Горадню. У пары ёсьць сын. Са словаў сяброў, Жывалеўскія трымалі краму і гандлявалі на рынку. Ежы затрымалі 25 сакавіка 2022 году. Яго абвінавацілі ў «агентурнай дзейнасьці». Працэс праходзіў у закрытым рэжыме ў Горадзенскім абласным судзе. Судзьдзя — Анатоль Заяц. 22 сакавіка 2023 году Жывалеўскага асудзілі на 4 гады калёніі. Праваабаронцы прызналі паляка палітвязьнем.
У Белаазёрску беларускія ўлады злавілі іншага «польскага шпіёна», Томаша Бярозу. Ён жыў там жа, займаўся рытуальнымі паслугамі, рабіў помнікі. Яго справу пачалі разглядаць 14 чэрвеня 2023 году ў Берасьцейскім абласным судзе, Бярозу вінавацяць у «агентурнай дзейнасьці» і «шпіянажы». Вынік суду невядомы.
І ўкраінскія
Беларускія ўлады пасьля 24 лютага 2022 году ўдзяляюць асаблівую ўвагу грамадзянам Украіны. Пры перасячэньні мяжы ім робяць асаблівы надгляд. На тэрыторыі Беларусі ўкраінскіх «шпіёнаў» ловяць пэрыядычна. У 2023 годзе былы амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім казаў, што за кратамі на той момант знаходзіліся 7 украінцаў, падазраваных у шпіянажы.
Тым часам кіраўнік КДБ Іван Тэртэль у тым жа 2023 годзе сьцьвярджаў, што за агентурную дзейнасьць на тэрыторыі Беларусі затрымалі дзясяткі грамадзян Украіны.
Свабода падрабязна пісала пра адну з такіх справаў, гісторыю жыхаркі Чарнігава Натальлі Захаранкі. Яна як мінімум 10 гадоў езьдзіла ў Беларусь і назад, перавозіла тавары, была сьведкай на судзе ў справе гомельскіх мытнікаў, асуджаных на вялікія тэрміны за хабарніцтва. Пасьля пачатку паўнавартаснага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну Натальля працягвала рэгулярныя паездкі ў Беларусь, перавозіла грошы, перадачы, рэчы, людзей. Езьдзіла штомесяц з 2022-га па 2023 год. Улетку 2023 году яна была затрыманая ў Мазыры. За «агентурную дзейнасьць» у 2024 годзе Натальлі прысудзілі 9 гадоў пазбаўленьня волі.
Падобная гісторыя здарылася з украінцам Андрэем Шмаем, які жыў і працаваў у Віцебску. Яго затрымалі і таксама абвінавацілі ў шпіянажы. Да затрыманьня ўкраінец працаваў рабочым па абслугоўваньні будынку Віцебскага аблвыканкаму. Па вэрсіі беларускіх праваахоўнікаў, ён перадаваў ва Ўкраіну сакрэтную інфармацыю.
У студзені 2023 году ў Кобрыні затрымалі 23-гадовага Арцёма Макавея, таксама грамадзяніна Ўкраіны. Ягоная маці Іна прыяжджала ў Беларусь, каб знайсьці сына.
«Бо ён проста прапаў, і ўсё. Але ні ў КДБ, ні ў СІЗА мне ніхто нічога не сказаў, не адказаў. Проста сядзіць, бо ўкраінец?» — казала раней Іна Свабодзе.
Макавея абвінавацілі паводле артыкулу 358 КК («Агентурная дзейнасьць»). Маці ўкраінца ня верыць у такія абвінавачаньні.
«Якія факты, якія доказы? Усе проста маўчаць. Якая агентурная дзейнасьць? Ён працаваў дыджэем, не цікавіўся палітыкай увогуле! І ўсе маўчаць. Мне няма ў каго спытацца пра сына. Яны нічога ня могуць даказаць, бо ён нічога не рабіў такога», — гаварыла Іна Макавей.
У траўні 2024 году Арцёма Макавея асудзілі на 6 гадоў калёніі.