У бацькоў рэдактара «Витебский курьер news» Корнышава зноў правялі ператрус
У журналіста Аляксандра Корнышава зноў правялі ператрус і распытвалі пра «Витебский курьер news», паведамляе БАЖ.
Рэдактар гэтага інтэрнэт-выданьня Аляксандар Корнышаў зь лістапада 2020 году жыве за мяжой. 23 траўня сілавікі прыйшлі зь ператрусам па месцы яго рэгістрацыі ў Віцебску — у кватэру бацькоў, дзе даўно няма ніякай маёмасьці журналіста.
Сілавікі сказалі, што будуць шукаць у кватэры «экстрэмісцкую інфармацыйную прадукцыю», нічога не знайшлі, распытвалі, якая ў журналіста ёсьць маёмасьць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 23 траўня: на экс-кіраўніка віцебскай суполкі БНФ завялі крымінальную справу; затрымалі кіраўніка вытворчасьці Conte
У сьпіс «экстрэмістаў» дадалі 44 чалавекі
У пералік асобаў, якія маюць дачыненьне да экстрэмісцкай дзейнасьці, 24 траўня дадалі яшчэ 44 чалавекі, цяпер у ім 4100 пазыцыяў.
Пра гэта паведамляе інфармацыйнае агенцтва «Позірк».
Апошні раз сьпіс папаўняўся 10 траўня, тады за тыдзень ён пабольшаў на 22 пазыцыі.
Згодна з абноўленым дакумэнтам на сайце МУС, 18 уключаных у сьпіс знаходзяцца ў месцах пазбаўленьня волі, насупраць аднаго прозьвішча стаіць адзнака «адтэрміноўка выкананьня пакараньня», 25 прозьвішчаў — адзнака «судзімасьць не пагашаная». Сярод уключаных у сьпіс 15 жанчын, адзін грамадзянін Расеі.
Сярод тых, хто адбыў пакараньне, сямёра прызнаныя палітвязьнямі: Зьміцер Шчарбін, Павал Макаранка, Андрэй Брэмшміт, Алег Дзегцярэнка, Уладзімер Каменнаў, Дзьмітрый Папкоў і Ігар Чарнавусаў.
Бацька траіх непаўналетніх дзяцей Зьміцер Шчарбін асуджаны на адзін год калёніі паводле арт. 130 (распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасьці), Павел Макаранка — на два гады калёніі паводле арт. 368 (абраза прэзыдэнта), былы дэпутат мясцовай рады ў Заслаўі (Менскі раён) Андрэй Брэмшміт — паводле арт. 361-2 (фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнасьці) і 290-1 (фінансаваньне тэрарыстычнай дзейнасьці), Алег Дзегцярэнка — на восем з паловай гадоў ва ўмовах узмоцненага рэжыму паводле арт. 361-1 (стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім) і 290-1 КК.
Уладзімер Каменнаў, Зьміцер Папкоў і Ігар Чарнавусаў праходзілі па адной крымінальнай справе. Усіх траіх абвінавачвалі паводле арт. 361-1, 361-4 (садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці) і 368, Чарнавусава дадаткова па артыкулах 130 і 367 (паклёп у дачыненьні да прэзыдэнта) Крымінальнага кодэксу.
У сьпіс унесеныя таксама былая палітвязень Валянціна Зелянкевіч і абвінавачаны ў здрадзе дзяржаве Ягор Краўчэня (не прызнаны палітвязьнем, тэрмін пакараньня невядомы).
Фінансавыя апэрацыі асобаў, уключаных у «сьпіс экстрэмістаў», кантралююцца «з мэтай прадухіленьня легалізацыі даходаў, атрыманых злачынным шляхам, і фінансаваньня экстрэмісцкай дзейнасьці».