Сьпіс «Наша справа» на чале з Розай Турарбекавай скароціцца на дзьве асобы, каб выканаць гендарную квоту ў мінімальнай колькасьці жанчын, уведзеную на выбары ў Каардынацыйную раду.
Выбарчая камісія аднагалосна ўхваліла запыты аб выдаленьні са сьпісу Віктара Саскевіча (нумар 13) і Андрэя Жукаўца (нумар 12).
Казус узьнік са сьпісам аб’яднаньня «Наша справа» на чале з палітолягам Розай Турарбекавай, які складаецца з 14 чалавек. У апошні момант яго вырашыла пакінуць дзьве жанчыны.
Аднак пасьля таго сьпіс перастаў адпавядаць патрабаваньням аб гендарных квотах, паводле якіх ня менш за 40% кожнага сьпісу павінны складаць жанчыны.
Аб’яднаньне «Наша справа» рашуча асудзіла рашэньне выбарчай камісіі Каардынацыйнай рады, якая запатрабавала ад сьпісу выключэньня двух кандыдатаў мужчынскага полу, трое з шасьці сяброў выбарчай камісіі прагаласавалі за гэтае рашэньне.
«Мы лічым такія дзеяньні несправядлівымі і неправамернымі, яны падрываюць прынцыпы дэмакратыі і правоў чалавека. Нагодай для такога рашэньня стаў перасьлед і ціск з боку рэжыму Лукашэнкі на сяброў нашага сьпісу. Праз пагрозу сваякам і непаўналетнім дзецям адна з удзельніц сьпісу вымушаная была зьняць сваю кандыдатуру. У адказ на гэта выбаркам запатрабаваў адхіліць яшчэ двух чальцоў нашага сьпісу — мужчын — нібы за фармальнае выкананьне „гендэрнай квоты“ — і гэта нягледзячы на тое, што дзеяньні ў такім выпадку дакладна не рэглямэнтаваныя (палажэньне аб выбарах ня мае нормы аб скасаваньні рэгістрацыі ў сувязі са зьмяненьнем полавай прадстаўленасьці ў сьпісе)».
Удзельнікі сьпісу падкрэсьлілі, што як магчымы варыянт прапаноўвалі выбарчай камісіі дапоўніць сьпіс іншай жанчынай, аднак ім было адмоўлена. На думку «Нашай справы», гэта сьведчыць пра «выключна рэпрэсіўную падставу для атакі на наш сьпіс з боку трох чальцоў Выбарчай камісіі — гендарная квота для гэтага сталася толькі падставай».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З выбараў у Каардынацыйную раду пасьля адмовы Азарава зьнялі ўвесь сьпіс «Закон і правапарадак» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці пераважыць Ціханоўскую Каардынацыйная рада? Тлумачэньне палітоляга Казакевіча