24 траўня камісія па выбарах Каардынацыйнай рады (Яраслаў Бекіш, Альвіна Мінгазава, Андрэй Атаманчук, Алена Філатава, Дзьмітры Лазавік, Алена Прыходзька) большасьцю галасоў вырашыла зьняць сьпіс «Закон і правапарадак» з удзелу ў выбарах.
Выбарчая камісія паведаміла, што яе рашэньне можа быць абскарджанае цягам 48 гадзін адпаведна Рэглямэнту працы камісіі.
Аляксандар Азараў паведаміў Свабодзе, што ў камандзе вырашаюць, ці будуць абскарджваць гэтае рашэньне.
Выбарчая камісія ў Каардынацыйную раду раней прапанавала Азараву зьняць сваю кандыдатуру з выбараў да 9:00 24 траўня, у іншым выпадку паабяцаўшы зьняць увесь сьпіс «Закон і правапарадак». Прычына — у рассылцы чат-бота пляну «Перамога» і грэбаваньнi правіламі бясьпекі выбарнікаў.
Пасьля рассылкі прыходзілі сыгналы пра тое, што апавяшчэньні атрымалі нават людзі, якія даўно выдалілі чат-бот. Няпэўнасьцю скарысталіся сілавікі ў Беларусі, якія пасьля некалькіх затрыманьняў заявілі, што людзей затрымалі за рэгістрацыю ў пляне. Гэтая інфармацыя непацьверджаная, але пасьпела нарабіць розгаласу.
Раніцай 24 траўня зьявіўся адказ ByPol на заклік. У ім паведамілі, што каманда «Закон і правапарадак» правяла нараду і большасьцю галасоў прыняла рашэньне падтрымліваць Аляксандра Азарава і пакінуць яго ў сьпісе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Люстэрка»: Заклікі галасаваць за блёк Азарава на выбарах у КР атрымалі і тыя, хто ня быў у пляне «Перамога» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Азараў адмовіўся зьняцца з выбараў у Каардынацыйную раду пасьля патрабаваньня выбарчай камісіі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Азараў пра агітацыю за свой блёк ў чат-боце пляну «Перамога»: Канкурэнты баяцца ByPol