Пуцін прыедзе ў Менск 23 траўня з двухдзённым візытам

2324 траўня Ўладзімір Пуцін будзе знаходзіцца зь візытам у Беларусі і правядзе перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам, анансуе набліжаны да Лукашэнкі тэлеграм-канал «Пул первого».

Афіцыйна паведамляецца, што бакі абмяркуюць «стан і пэрспэктывы разьвіцьця ўсяго комплексу беларуска-расейскіх адносінаў», «інтэграцыйны парадак дня і рэалізацыю рашэньняў, прынятых Вышэйшым дзяржаўным саветам Саюзнай дзяржавы», «прасоўваньне сумесных гандлёва-эканамічных і каапэрацыйных праектаў, умацаваньне бясьпекі, а таксама «міжнародны парадак дня, абстаноўку ў рэгіёне, сумеснае рэагаваньне на выклікі і пагрозы».

Пуцін і Лукшэнка сустракаюцца даволі часта. Звычайна Лукашэнка едзе ў Расею, каб сустрэцца з Пуціным. У 2000–2024 гадах Аляксандар Лукашэнка прыяжджаў у Расею 131 раз (рэкорд сярод лідэраў краін СНД), зь іх 68 — для двухбаковых перамоваў з Пуціным на найвышэйшым узроўні, 58 — для ўдзелу ў афіцыйных і нефармальных самітах СНД, АДКБ, ЭўрАзЭС, ЭАЭС і паседжаньнях Вышэйшай дзяржаўнай рады «саюзнай дзяржавы» Расеі і Беларусі. З 2022 году Лукашэнка наведваў Расею і сустракаўся з Пуціным прынамсі 20 разоў.

Пуцін бываў у Беларусі значна радзей: з 2000 году — сама меней 25 разоў, з 2022 году — прынамсі тройчы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка зь неанансаваным візытам ляціць у Расею