Інструкцыя аб парадку ўстанаўленьня і прымяненьня тарыфаў на платныя мэдыцынскія паслугі, зацьвердзілі пастановай Міністэрства аховы здароўя № 76, яе апублікавалі 23 траўня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Дакумэнт набывае сілу з 1 ліпеня.
У адпаведнасьці з інструкцыяй, тарыфы на паслугі па мэдыцынскім аглядзе для кіроўцаў, стаматалягічныя паслугі, паслугі па прамянёвай, ультрагукавой і лябараторнай дыягностыцы рэгулююцца шляхам вызначэньня:
- лімітавых максымальных тарыфаў,
- гранічнага нарматыву рэнтабэльнасьці ў памеры 30% да плянавага сабекошту,
- лімітавых максымальных надбавак да тарыфаў у памеры 30% за наданьне паслуг у начны час і ў памеры 50% — за паслугі ў дзяржаўныя сьвяты і сьвяточныя непрацоўныя дні.
Тарыфы на паслугі па функцыянальнай і эндаскапічнай дыягностыцы рэгулююцца шляхам вызначэньня:
- гранічнага нарматыву рэнтабэльнасьці ў памеры 30% да плянавага сабекошту,
- лімітавых максымальных надбавак да тарыфаў у памеры 30% за паслугі ў начны час і ў памеры 50% — у сьвяточныя непрацоўныя дні.
У інструкцыі адзначаецца, што тарыфы вызначаюцца без уліку лекавых прэпаратаў і мэдыцынскіх вырабаў, якія пацыенты мусяць аплочваць дадаткова. Зьніжкі на мэдыцынскія паслугі ІП і юрыдычныя асобы могуць вызначаць самастойна.
У інструкцыі таксама прапісана, што ўключаецца ў сабекошт наданьня паслуг, зацьверджаныя формы эканамічных разьлікаў тарыфаў і затрат.
Інструкцыя датычыцца тарыфаў на платныя мэдыцынскія паслугі для грамадзян Беларусі, іншаземцаў і асобаў без грамадзянства, якія стала жывуць у краіне. Тарыфы на паслугі іншаземцам і асобам без грамадзянства, якія ў Беларусі часова, юрыдычныя асобы і ІП могуць вызначаць самастойна.
23 траўня таксама апублікавалі пастанову Мінздароўя, якой зацьверджаныя гранічныя максымальныя тарыфы на стаматалягічныя паслугі і паслугі па прамянёвай дыягностыцы пры наданьні стаматалягічных паслуг, зь імі можна азнаёміцца па спасылцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Прыватную мэдыцыну хочуць зрабіць філіялам дзяржаўнай». Дактары пра ідэю зраўняць цэны ў мэдцэнтрах- 19 лютага новы міністар здароўя Беларусі Аляксандар Хаджаеў абурыўся занадта высокімі цэнамі ў прыватных мэдцэнтрах і прапанаваў зраўнаць іх зь дзяржаўнымі на заканадаўчым узроўні.
- З 1 лістапада 2023 году ў Беларусі дзейнічае рэгуляваньне тарыфаў на ўсе віды стаматалягічных паслуг, але 5 сакавіка прэм’ер-міністар Раман Галоўчанка прызнаў, што новае рэгуляваньне на стаматалягічныя паслугі пакуль «патрэбнага эфэкту не дало».
- У 2022 годзе Мінздароўя актыўна правярала прыватныя мэдцэнтры. Прыпынялася праца сама меней 9 зь іх: «Кравіры», «Доктара Нэма», «ПлеядаМэд», «Тры дантысты Плюс», Dental Clinic, «Нардына», «ЛОДЭ», «Клінікі А1», а таксама клінікі «Мэрсі», будаўніцтва якой фінансавалася з удзелам Сусветнага банку. Большасьць мэдцэнтраў аднавілі дзейнасьць.
- 17 красавіка 2023 году Камітэт дзяржкантролю паведаміў аб завядзеньні крымінальнай справы ў дачыненьні да ўладальніка і 4 супрацоўнікаў мэдцэнтру «Новы зрок». Ім інкрымінавалі нявыплату падаткаў.