Міжведамасная камісія Ўкраіны ў міжнародным гандлі аднавіла працэдуру перагляду антыдэмпінгавых абмежаваньняў на пастаўку для ўкраінскага рынку цэмэнту з Расеі, Беларусі і Малдовы.
Як паведамілі Свабодзе ў юрыдычнай кампаніі «Ілляшев та Партнери», якая прадстаўляе інтарэсы ўкраінскага вытворцы цэмэнту «Дікергофф Цемент Україна», на час новай працэдуры вяртаецца дзеяньне абмежаваньняў, уведзеных у 2019 годзе.
Прымяненьне антыдэмпінгавага мыта, якое спаганялася пры пастаўках беларускага цэмэнту ва Ўкраіну ў памеры 57,03% ад кошту пастаўкі, павінна было завяршыцца 27 чэрвеня 2024 году, і летась у верасьні ўкраінскі ўрад паведамляў, што ня будзе ініцыяваць яго працягненьне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіеў паведаміў, што ня будзе працягваць абмежаваньні паставак беларускага цэмэнту на ўкраінскі рынак«Гэтае рашэньне камісіі надзвычайна неабходнае для дзейнасьці ўкраінскіх прадпрыемстваў. Пачатак перагляду антыдэмпінгавых мер дае магчымасьць прадоўжыць тэрмін прымяненьня мыта і не дапусьціць зьяўленьня на рынку дэмпінгавага імпарту, пакуль ня будзе ўхвалена канчатковае рашэньне. Звычайна такі працэс можа працягвацца да аднаго году», — паведаміла юрыстка кампаніі Алена Амельчанка.
У 2019 годзе юрысты даказалі наяўнасьць парушэньня канкурэнцыі з боку Расеі, Беларусі і Малдовы і дабіліся ўвядзеньня высокіх ставак мыта для трох краін: зь Беларусі — 57,03%, з Расеі — 114,95%, з Малдовы — 94,46%.
Як патлумачыла ў сваім паведамленьні Міжведамасная камісія ў міжнародным гандлі, новая працэдура зьвязаная з імаверным аднаўленьнем дэмпінгу на ўкраінскім рынку.
Пасьля таго як Беларусь падтрымала поўнамаштабную расейскую вайну супраць Украіны, пастаўкі прадукцыі, у тым ліку і цэмэнту, зь Беларусі і Расеі цалкам спынілі.
У першыя дні поўнамаштабнай вайны ўрад Украіны пастанавіў закрыць усе памежныя пункты зь Беларусьсю. Пасьля адыходу расейскіх войскаў з Кіеўскай і Чарнігаўскай абласьцей між краінамі працуе толькі адзін пункт пропуску — у Валынскай вобласьці. Празь яго ва Ўкраіну вяртаюцца ўкраінцы, якіх незаконна вывезьлі ў Расею.
У той жа час урад Украіны не забараняў гандаль зь Беларусьсю, як гэта было зроблена ў дачыненьні да Расеі. «Беларускую прадукцыю можна завозіць праз трэція краіны, хоць лягістыка больш складаная. Ёсьць, хутчэй, этычныя моманты, таму шмат украінскіх кампаніяў адмовіліся ад беларускіх тавараў. Але юрыдычнай забароны няма», — казала ў 2023 годзе Свабодзе адвакатка юрыдычнай кампаніі «Ілляшев та Партнери» Алена Амельчанка.
Які аб’ём беларускага цэмэнту быў на ўкраінскім рынку да абмежаваньняў
Паводле Белстату, у 2018 годзе Беларусь экспартавала ва Ўкраіну 272 тысячы тон (у 2017 годзе — 363,8 тысячы тон) цэмэнту, а імпартавала з Украіны 132,1 тысячы тон (у 2017 годзе — 54,9 тысячы тон).
Украінская статыстыка гандлю цэмэнтам крыху адрозьніваецца — у аб’ёмах яна меншая на некалькі тысяч. Паводле яе, ва Ўкраіну ў 2018 годзе завезьлі 270 тысяч тон беларускай прадукцыі і вывезьлі 132 тысячы тон украінскай.
Паводле Белстату, цана беларускага цэмэнту для Ўкраіны складала 43,4 даляра за тону летась (40,2 даляра ў 2017-м). У той жа час украінскі цэмэнт для Беларусі абыходзіўся ў 52 даляры за тону ў мінулым годзе (48,7 даляра ў 2017-м). Па такіх цэнах Беларусь пастаўляла цэмэнт толькі ва Ўкраіну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне паведамілі аб заканчэньні абмежаваньняў на пастаўкі беларускай прадукцыі з сталі, але гандаль спынены