Чатыры краіны Эўразьвязу — Эстонія, Нідэрлянды, Чэхія і Швэцыя — прапануюць адмяніць бязьвізавы рэжым для грамадзян Грузіі, калі грузінскія ўлады прымуць закон аб «іншаземных агентах», паведамляе The Financial Times са спасылкай на крыніцы.
Эўрапейскія краіны разглядаюць «розныя меры ціску на грузінскі ўрад», гавораць чыноўнікі, знаёмыя з пытаньнем. Сярод іншых мераў — выбарачныя санкцыі і замарожваньне выдзяленьня сродкаў з фондаў Эўразьвязу. Ініцыятары ідэяў хочуць абмеркаваць іх на сустрэчы міністраў замежных спраў ЭЗ ужо на наступным тыдні.
Для прыняцьця рашэньня спатрэбіцца згода ўсіх 27 краінаў Эўразьвязу. Па зьвестках The Financial Times, як мінімум адна краіна — Вугоршчына — падтрымлівае грузінскі ўрад і нават прапануе ўсім краінам ЭЗ прыняць аналягічны закон аб «іншаземных агентах».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За што змагаюцца грузіны. «Прэзыдэнт адкрыта называе ўрад прарасейскім»- Раней Эўракамісія заклікала грузінскія ўлады адмовіцца ад прыняцьця закона «Аб празрыстасьці іншаземнага ўплыву», які крытыкі называюць аналягам рэпрэсіўнага расейскага закона аб «іншаземных агентах». Эўракамісія зазначыла, што рашэньне «нэгатыўна паўплывае на эўрапейскія пэрспэктывы Грузіі», бо законапраект падрывае грамадзянскую супольнасьць і пагражае свабодзе СМІ. Летась Грузія атрымала статус кандыдата на ўступленьне ў Эўразьвяз, але перамовы аб гэтым яшчэ не пачаліся.
- Таксама ад прыняцьця закону заклікалі адмовіцца ЗША, прыгразіўшы перагледзець шматмільённыя праграмы дапамогі Грузіі і ўвесьці санкцыі супраць датычных да рэпрэсіяў у дачыненьні да пратэстоўцаў. Ініцыятар законапраекту — кіроўная «Грузінская мара» — асудзіла міжнародны ціск.
- 14 траўня грузінскі парлямэнт ухваліў законапраект аб «іншаземных агентах» у трэцім, канчатковым, чытаньні. Прэзыдэнт Грузіі Саламе Зурабішвілі наклала на яго вэта. У «Грузінскай мары» ёсьць дастаткова галасоў у парлямэнце, каб пераадолець прэзыдэнцкае вэта.
- Абмеркаваньне законапраекту суправаджаецца шматтысячнымі пратэстамі ў Тбілісі і ў іншых гарадах Грузіі. Дзясяткі тысяч пратэстоўцаў ужо больш за месяц выходзяць на вуліцы са сьцягамі Грузіі і ЭЗ і патрабаваньнем не прымаць «расейскага закону». На пратэстах здараліся сутычкі з паліцыяй — тая ўжывала сілу і затрымлівала пратэстоўцаў, якія, на яе думку, парушалі грамадзкі парадак. У краіне таксама праходзіў студэнцкі страйк.