Сілавікі заявілі пра затрыманьне беларуса, які атрымаў агітацыйную рассылку праз чат-бот пляну «Перамога»
Праўладны тэлеграм-канал, блізкі да сілавікоў, апублікаваў відэа з затрыманым намесьнікам дырэктара «НТЦ Экспэрымэнтальных тэхналёгія».
На камэру мужчына кажа, што 21 траўня атрымаў паведамленьне ў чат-боце пляну «Перамога», а 22 траўня яго затрымалі.
Як сьцьвярджаюць аўтары канала, раніцай 22 траўня сілавікі прыйшлі да беларуса па справе аб «перакрыцьці дарог» падчас пратэстаў 2020 году і ён нібыта «мог бы абысьціся 2 гадамі „хатняй хіміі“ па артыкуле 342», але праз рэгістрацыю ў пляне «Перамога» яму цяпер дадаткова пагражае абвінавачаньне паводле арт. 361-1 КК «і ў сукупнасьці гадоў 5».
Каталіцкага сьвятара з Шуміліна Паўла Лемеха зноў асудзілі
Каталіцкага сьвятара з Шуміліна Паўла Лемеха ня выпусьцілі на волю пасьля 10 дзён арышту, 21 траўня яго зноў судзілі па новых абвінавачаньнях, паведамляе Katolik.life. Сутнасьць абвінавачаньняў па-ранейшаму невядомая, як і вынік суду: ні вернікам, ні духавенству нічога ня кажуць пра арыштаваных сьвятароў, піша рэсурс. У электронным раскладзе судоў працэс ня быў указаны.
Паўла Лемеха затрымалі разам зь іншым сьвятаром — Анджэем Юхневічам, які таксама служыць у Шуміліне. Юхневіча пакаралі 15 днямі арышту — гэты тэрмін заканчваецца 23 траўня. Акрамя таго, судзілі адну з прыхаджанак — яе аштрафавалі за падпіску на старонку, абвешчаную «экстрэмісцкай».
Раней грэка-каталіцкага сьвятара з Полацку пратрымалі ў турме 45 дзён — яго таксама судзілі некалькі разоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Віцебску судзілі двух каталіцкіх сьвятароў. Стала вядома пра затрыманьне сьвецкай верніцыЗатрымалі адміністратара тэлеграм-канала «Propovednik»
Мужчыну абвінавачваюць у «распальваньні нацыянальнай і сацыяльнай нянавісьці, закліках да гвалту, выступах за радыкалізацыю і тэрарызм», піша «Вясна» з спасылкай на праўладныя тэлеграм-каналы.
Паведамляецца, што завялі шэраг крымінальных спраў, затрыманаму пагражаюць 10 гадамі зьняволеньня.
У тэлеграм-канале «Propovednik» усяго 117 падпісчыкаў, а яго мэтамі названыя «адыход ад уплыву фашысцкай Расеі і вызваленьне Беларусі ад дыктатуры, у тым ліку і Ціханоўскай дыктатуры».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 21 траўня: крымінальная справа за пост у Instagram пра Лукашэнку; сямейную пару асудзілі за ўдзел у пратэстах 2020 годуДвух мужчын затрымалі на літоўскай мяжы
На беларуска-літоўскай мяжы затрымалі двух беларусаў: адзін зь іх спрабаваў уцячы ад крымінальнага перасьледу, сьцьвярджаюць сілавікі.
На відэа сілавікоў адзін з мужчынаў, якога завуць Аляксандар Судняковіч, кажа, што на яго завялі крымінальную справу за тое, што ў 2021 годзе ён ухваляў забойства працаўніка КДБ Дзьмітрыя Федасюка, якое адбылося падчас захопу кватэры праграміста Андрэя Зельцара.
Другі затрыманы, якога завуць Андрэй Пупкевіч, дапамагаў Судняковічу дабрацца да мяжы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я ўжо ня памятаю свайго сапраўднага імя». Як працуе эвакуацыйная каманда, якая вывозіць людзей зь Беларусі