Адзін пасажыр загінуў і 30 атрымалі раненьні пасьля таго, як рэйс авіякампаніі Singapore Airlines (SIAL.SI) трапіў у моцную турбулентнасьць, у выніку чаго пасажыры і экіпаж разьляцеліся па салёне і самалёт мусіў прызямліцца ў Бангкоку, паведамляе Reuters з спасылкай на афіцыйных асобаў і авіякампанію.
На борце самалёта знаходзіліся 211 пасажыраў і 18 чальцоў экіпажу.
BBC піша, што, паводле апошніх зьвестак, агучаных на прэс-канфэрэнцыі кіраўніцтвам аэрапорту, пацярпелых больш — 53 пасажыры.
Загінулым, паводле інфармацыі ўладаў Бангкоку, аказаўся 73-гадовы брытанец. Паводле папярэдняй вэрсіі, у яго здарыўся сардэчны прыступ.
«Раптам самалёт пачаў хіліцца ўверх, пачалася трасяніна, таму я пачаў рыхтавацца да таго, што адбываецца, і вельмі раптоўна адбылося рэзкае падзеньне, так што ўсіх, хто сядзеў не прышпілены рамянямі бясьпекі, адразу кінула ў столь. Некаторыя людзі пабіліся галавой аб багажныя адсекі, а таксама аб месцы, дзе знаходзяцца ліхтары і маскі, пры гэтым праламаўшы іх», — расказаў пасажыр.
- Гэта ня першы інцыдэнт з самалётамі Boeing у 2024 годзе. У студзені ў лайнэра Boeing 737 MAX 9 кампаніі Alaska Airlines падчас палёту адарвалася заглушка, усталяваная на месцы дзьвярэй аварыйнага выхаду. У красавіку ў Boeing 737-800 авіякампаніі Southwest Airlines, які ляцеў у Х'юстан, адарвалася ашалёўка аднаго з рухавікоў і ўдарыла па закрылку крыла.
- Згодна з дасьледаваньнем Нацыянальнай рады па бясьпецы на транспарце, праведзеным у 2021 годзе, сярод авіяцыйных здарэньняў найбольш распаўсюджаныя здарэньні, зьвязаныя з турбулентнасьцю.
- Кампанія Singapore Airlines прызнаная адной зь вядучых авіякампаній сьвету. Яна эталён для большай часткі галіны і за апошнія гады не сутыкалася зь якімі-небудзь сурʼёзнымі інцыдэнтамі.
- Апошняй катастрофай Singapore Airlines, якая пацягнула за сабой чалавечыя ахвяры, стаў рэйс з Сынгапуру ў Лос-Анджэлес, калі 31 кастрычніка 2000 году самалёт урэзаўся ў будаўнічую тэхніку ў тайваньскім міжнародным аэрапорце пасьля спробы ўзьляцець ня з той узьлётна-пасадачнай паласы. У выніку загінулі 83 са 179 чалавек, якія знаходзіліся на борце.