Урад Швэцыі выдзеліць 5 млн крон (каля 430 тысяч эўра) для Міжнароднага гуманітарнага фонду падтрымкі палітвязьняў Беларусі. Паводле інфармацыі «Парлямэнцкага каналу», пра гэта на Стакгольмскай канфэрэнцыі па Беларусі 21 траўня заявіў міністар міжнароднага разьвіцьця, супрацы і замежнага гандлю Юган Фушэль.
Пра тое, што чыноўнік мае намер абвясьціць пра гэты крок, раней паведамляла прэс-служба швэдзкага ўраду. Фушэль заявіў, што «Швэцыя дакладна падтрымлівае дэмакратычную Беларусь».
30 красавіка галоўны дарадца дэмакратычнага лідэра Сьвятланы Ціханоўскай Франак Вячорка паведаміў «Позірку», што першы ўнёсак у фонд падтрымкі беларускіх палітвязьняў зробіць Осла — 10 млн нарвэскіх крон (850 тысяч эўра).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская ініцыявала Міжнародны фонд падтрымкі беларускіх палітвязьняў. Нарвэгія зрабіла першы ўнёсакФонд накіраваны на падтрымку сем’яў рэпрэсаваных і былых палітвязьняў. Гаворка пра мэдычную дапамогу і рэабілітацыю, матэрыяльную і псыхалягічную дапамогу вызваленым палітвязьням і асобам, якія зазналі палітычныя рэпрэсіі. Распараджацца сродкамі фонду будуць беларускія арганізацыі і ініцыятывы, якія дапамагаюць палітвязьням.
Паводле інфармацыі Вячоркі, Міністэрства замежных справаў Нарвэгіі працуе над фармалізацыяй працы фонду. Уносіць сродкі змогуць урады краін, міжнародныя арганізацыі і іншыя донары.
З ініцыятывай стварыць такі фонд Ціханоўская выступіла пасьля таго, як палітвязень, заснавальнік і кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі быў уганараваны Нобэлеўскай прэміяй міру ў 2022 годзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нарвэскі ПЭН прыняў у ганаровыя сябры Алеся Бяляцкага