Пра гэта піша іранская служба Радыё Свабода.
Раісі, па словах праваабаронцы, абвінавачваецца ў тым, што працаваў пракурорам у так званым «выканаўчым камітэце», які ў канцы 1980-х гадоў прыгаварыў да сьмяротнага пакараньня некалькі тысяч апазыцыянэраў.
«Народ Ірану спадзяваўся, што ён [Раісі] паўстане перад судом, што стане сьведкам таго, як ён [прэзыдэнт Ірану] будзе апраўдвацца і маліць суд аб вынясеньні апраўдальнага прысуду. Ён не заслужыў такой лёгкай сьмерці», — падкрэсьліла Эбадзі.
Паводле дадзеных міжнароднай праваабарончай арганізацыі Amnesty International, сама менш 4500 чалавек былі пакараныя на загад духоўнага лідэра Ірану аяталы Рухалы Хамэйні ў 1988 годзе за «вядзеньне вайны супраць Бога».
У той жа час Арганізацыя маджахедаў іранскага народу заяўляла, што ў той час былі забітыя каля 30 тысяч палітвязьняў і праціўнікаў рэжыму, прычым многія ахвяры гэтых пакараньняў былі пахаваныя таемна.
Пра магчымае дачыненьне да гэтых злачынстваў Эбрахіма Раісі паведамілі падчас судовага працэсу ў Стакгольме ў 2022 годзе шматлікія сьведкі тых падзей зь ліку апазыцыянэраў, якія выжылі, а таксама сваякі загінулых палітвязьняў. Сьцьвярджалася, што Раісі ўваходзіў у камісію з трох чалавек, якая выносіла сьмяротныя прысуды праціўнікам уладаў Ірану.
«Як правіла, зь юрыдычнага пункту гледжаньня пасьля сьмерці чалавека любыя зьдзейсьненыя ім злачынныя дзеяньні больш не расьсьледуюцца. Аднак яны застануцца ў памяці людзей і будуць занесеныя ў аналы гісторыі правоў чалавека», — лічыць праваабаронца.
Прэзыдэнт Ірану Эбрахім Раісі загінуў пры крушэньні верталёта ў іранскай правінцыі Ўсходні Азэрбайджан разам з усімі, хто быў на борце. Усяго ў катастрофе загінулі восем чалавек, у складзе дэлегацыі быў кіраўнік МЗС Ірану Хасэйн Амір Абдалах’ян.
Выканаўцам абавязкаў прэзыдэнта 20 траўня прызначылі віцэ-прэзыдэнта Махамада Махбэра.
63-гадовы Эбрахім Раісі — прадстаўнік крайніх кансэрватараў, якія падтрымліваюць жорсткую лінію ў адносінах з Захадам.
Як піша Іранская служба Радыё Свабода, з 2007 году Махбэр узначальваў штаб дзеля выкананьня распараджэньняў былога духоўнага лідэра Ірану аяталы Рухалы Хамэйні.
Цягам 50 дзён у Іране павінны адбыцца пазачарговыя прэзыдэнцкія выбары.
Раісі ўзначальваў Вярхоўны суд Ірану з 2019 году. Яго прызначэньне на гэтую пасаду крытыкавалі ў ААН: праваабаронцы лічаць Раісі датычным да масавых пакараньняў сьмерцю тысяч палітвязьняў у краіне ў 1980-я гады і абвінавачваюць яго ў злачынствах супраць чалавечнасьці. Раісі быў адным з чатырох чальцоў камітэту, які кіраваў вынясеньнем прысудаў.
З 2019 году Эбрахім Раісі быў пад амэрыканскімі санкцыямі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Ірану загінуў у выніку крушэньня верталёта. Фота зь месца здарэньня ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто такі Махамад Махбэр, які часова заняў пасаду прэзыдэнта Ірану, і якія сувязі ён мае з Масквой і Менскам