Пра гэта Свабодзе паведаміў муж палітзьняволенай Андрэй Шарэнда. За кратамі Паліна Шарэнда-Панасюк ужо адбыла 3 гады і 5 месяцаў.
«Да людзей, якія раніцай яе чакалі каля выхаду з калёніі, выйшлі супрацоўнікі і паведамілі, што 19 траўня яе этапавалі ў іншую папраўчую ўстанову. Прычыны тады не назвалі.
Цяпер яна знаходзіцца ў Гомельскім СІЗА, гэта пацьвердзілі сваякам супрацоўнікі СІЗА. Туды яе накіравалі паводле пастановы ўпраўленьня Сьледчага камітэту Рэчыцкага раёну. Цягам 10 дзён ёй могуць выставіць новае абвінавачаньне. Цяпер мы шукаем адваката», — сказаў Андрэй Шарэнда.
Андрэй Шарэнда даведаўся, што з пачатку году на ягоную жонку Паліну ў калёніі № 24 наклалі каля 8 спагнаньняў. Ён мяркуе, што гэта было зроблена наўмысна, каб выставіць ёй новае абвінавачаньне паводле 411 артыкула Крымінальнага кодэксу.
«Гэта значыць, што амаль увесь час з Новага году Паліна правяла альбо ў ШЫЗА, альбо ў ПКТ, зь перапынкам толькі на той тыдзень, калі яе запісвалі для тэлебачаньня. А потым проста імітавалі працэс падрыхтоўкі да вызваленьня, у тым ліку прыдумалі гэты цырк з пастаноўкай на прэвэнтыўны нагляд.
Магчыма, яшчэ ў калёніі да яе паклікалі дзяжурнага адваката і прад’явілі пры ім абвінавачаньне па 411-м артыкуле, бо гэтак ужо рабілі раней. І цяпер яе будуць трымаць у Гомельскім СІЗА, пакуль ня скончыцца новае сьледзтва. Гэта мы таксама ўжо перажывалі», — мяркуе Андрэй Шарэнда.
Актывістку Паліну Шарэнду-Панасюк затрымалі ў Берасьці 3 студзеня 2021 году і праз паўгода асудзілі на 2 гады зьняволеньня адразу паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: 364 («Гвалт ці пагроза гвалту адносна супрацоўніка органаў унутраных спраў), 369 («Абраза прадстаўніка ўлады») і 368 («Абраза прэзыдэнта»).
У 2022 годзе ёй прысудзілі яшчэ адзін год калёніі паводле артыкула 411 КК («Злоснае непадпарадкаваньне законным патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы»). Паліна стала першай жанчынай у Беларусі, асуджанай па гэтым артыкуле. А ў 2023 годзе на актывістку завялі новую крымінальную справу паводле таго ж артыкула і зноў прысудзілі 1 год. Агулам яна атрымала тэрмін у 4 гады зьняволеньня.
Паліна не прызнала віны, у СІЗА і папраўчых калёніях № 4 (Гомель) і № 24 (Рэчыцкі раён), як заявілі яе сваякі і праваабаронцы, яна была пад псыхалягічным ціскам, у калёніі яе білі ахоўнікі. Агулам больш за год яна правяла ў ШЫЗА і ПКТ. Шмат разоў сваякі палітзьняволенай скардзіліся на тое, што да яе не пускалі адваката, а адпраўленыя ёй мэдычныя бандэролі затрымлівалі, а то і зусім не перадавалі.
У 2023 годзе на знак пратэсту супраць катаваньняў Паліна Шарэнда-Панасюк заяўляла пра адмову ад беларускага грамадзянства. Але да разгляду гэтай заявы справа не дайшла.
- Паліна Шарэнда-Панасюк — маці дваіх дзяцей, якія цяпер жывуць у Вільні разам з бацькам, Андрэем Шарэндам.
- У сакавіку 2024 году дзяржаўная тэлевізія апублікавала інтэрвію з Палінай, якое яе муж Андрэй Шарэнда назваў «пастановачным».
- У красавіку суд Рэчыцкага раёну прызначыў Паліне Шарэндзе-Панасюк прэвэнтыўны нагляд па вызваленьні.
- У 2023 годзе Паліна Шарэнда-Панасюк стала першым ляўрэатам у новай намінацыі Прэміі беларускай праваабарончай супольнасьці як асоба, якая пацярпела ад рэпрэсіяў і ціску за сваю дзейнасьць у прасоўваньні і абароне правоў чалавека ў Беларусі.