Славуты артыст на сваім гарматным ядры выправіўся на неба 15 гадоў таму, 20 траўня 2009 году, а я прыгадаў, што мы зь ім вучыліся ў адной менскай школе № 4. Вядома ж, з розьніцай у 20 гадоў.
Сын шляхціца Яна
Янкоўскі выконваў ролі мноства герояў і стварыў вялікую галерэю вобразаў. Нават цяжка сказаць, ці былі сярод іх няўдалыя. Можа, і не было. Але пачынаецца ягоная гісторыя з вобразу ягонага бацькі — беларускага шляхціца Яна Янкоўскага, які зазнаў сталінскія турмы, а ўрэшце апынуўся разам зь сям’ёй у Казахстане, дзе і нарадзіўся славуты ў будучыні актор.
У 1957 годзе старэйшы брат Алега Расьціслаў перабраўся ў Менск, дзе ўсё жыцьцё служыў акторам Расейскага тэатру, стаўшы бясспрэчным аўтарытэтам для тутэйшага істэблішмэнту, а ў 1990-м, быўшы дэпутатам Вярхоўнага Савету, падтрымаў закон аб дзяржаўнасьці беларускай мовы, і гэтая ягоная падтрымка стала надзвычай важнай.
А ў 1958-м Расьціслаў забраў малодшага брата да сябе ў Менск, дзе Алег пайшоў у восьмую клясу той самай 4-й школы, каб стаць, мабыць, самым вядомым яе вучнем. Было б цалкам натуральна, калі б школа насіла імя Алега Янкоўскага, які, між іншым, адзіны ў мастацкім кіно ўвасобіў вобраз Францішка Скарыны ў аднайменным фільме.
Праўда, гэта думкі не пра сёньняшнюю, а пра заўтрашнюю Беларусь, у якую вернуцца натуральныя законы і першы зь іх — гістарычная памяць. Пры сёньняшнім бесчалавечным рэжыме гэта немагчыма, бо Янкоўскі, якую ягоную ролю ні ўзяць, быў ужо нават з выгляду «экстрэмістам» — занадта разьняволеным і гуманістычна арыентаваным, жывой процілегласьцю кожнаму фармалізму.
«Я, Францыск Скарына...»
У 1970 годзе «Беларусьфільм» выпусьціў стужку пра беларускага першадрукара. Янкоўскі граў галоўнага героя, а разам зь ім — зорны склад беларускага тэатру: брат Расьціслаў, Стэфанія Станюта, Зьдзіслаў Стома, Марыя Захарэвіч ды многія іншыя. Здымалі ў Празе, дзе, уласна, і надрукаваў Скарына свае першыя кнігі.
Напэўна, калісьці, лепшым часам, пра гэты фільм і зьвязаныя зь яго стварэньнем калізіі напішуць кнігу, але, на жаль, не цяпер, не ў атмасфэры прапаганды і зашкальнай цэнзуры, якую з савецкай ужо і не параўнаць. Як не параўнаць сучаснае кіно з тым, што рабілася ў 1960-1970-я гады, дзе былі бязьмежная разнастайнасьць тэмаў, герояў, сьмелых рашэньняў і шчырая любоў гледачоў — усім тым, што з усёй паўнатой увасабляў у сабе Алег Янкоўскі.
Адна зь ягоных галоўных роляў-вяршыняў — знакаміты барон Мюнхгаўзэн, словы якога ў самай таталітарнай сытуацыі гучаць крамольна, але і дораць надзею:
«Я зразумеў, у чым ваша бяда: вы занадта сур’ёзныя. Разумны твар — гэта яшчэ не прыкмета розуму, спадарства. Усе глупствы на зямлі робяцца менавіта з гэтым выразам твару. Усьміхайцеся, спадарства, усьміхайцеся».
Нечаканыя хітраспляценьні
У пачатку 1980-х рэжысэр Андрэй Таркоўскі запрасіў Алега Янкоўскага сыграць галоўную ролю ў ягоным фільме «Настальгія», які меўся здымацца ў Італіі. Гэтую ролю павінен быў выканаць улюбёны актор Таркоўскага Анатоль Саланіцын, але Саланіцыну стала дрэнна, казалі, акурат на вуліцы Чырвонаармейскай у Менску, насупраць нашай 4-й школы. Неўзабаве Саланіцын памёр. А ў Менску ён апынуўся, бо граў у фільме «Раскіданае гняздо» Барыса Луцэнкі паводле Янкі Купалы. Я тады быў студэнтам і апублікаваў крытычную рэцэнзію на фільм, назваўшы яе «Раскіненае гняздо». А наша выкладчыца на журфаку прымусіла мяне перад усім курсам прачытаць гэтую рэцэнзію з тым падтэкстам, што так пісаць нельга... Добра памятаю, што на тым чытаньні я адчуваў сябе Генрыхам з папулярнага тады мэму «Генрых, мой хлопчык» з сэрыялу «Шчыт і меч», дзе штандартэнфюрэр СС Вілі Шварцкопф (актор Масюліс) з гэтымі словамі — «Генрых, мой хлопчык» — паблажліва паляпваў свайго пляменьніка па шчацэ. Генрыха граў Алег Янкоўскі...
Перагледзьце што-небудзь зь фільмаў зь Янкоўскім і памяніце выдатнага актора.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.