Пра гэта паведаміў кіраўнік іранскага таварыства Чырвонага Паўмесяца Пір Хусэйн Каліванд, перадаюць дзяржаўная тэлерадыёкампанія IRIB, а таксама агенцтва Mehr.
«На жаль, пасьля высьвятленьня месцазнаходжаньня верталёта, які разьбіўся, ніякіх прыкмет жывых пасажыраў верталёта пакуль не назіралася», – заявіў Каліванд.
Акрамя таго, ананімны іранскі чыноўнік паведаміў Reuters, што верталёт у выніку крушэньня цалкам згарэў.
Дзяржаўнае інфармагенцтва Mehr апублікавала фота з месца крушэньня верталёта Раісі. Надпіс пад фота: «Яшчэ адна выява месца крушэньня верталёта, на борце якога знаходзіліся прэзыдэнт і яго асяродзьдзе».
Раней Коліванд паведамляў, што ніякіх прыкмет таго, што пасажыры верталёта выжылі, ня выяўлена, яго словы прыводзіла агенцтва Tasnim. Іранскае агенцтва Fars публікавала відэа зь месца крушэньня верталёта.
Акрамя Раісі на борце верталёта знаходзіўся аятала Аль Хашам, імам Джума-Тэбрыза, міністар замежных спраў Хусэйн Амір-Абдулах’ян, губэрнатар Усходняга Азэрбайджану Малік Рахмаці і яшчэ некалькі чалавек.
Верталёт прэзыдэнта краіны Ібрахіма Раісі «зрабіў цьвёрдую пасадку» ў горнай мясцовасьці ля горада Варзаган недалёка ад ірана-азербайджанскай мяжы 19 траўня. Раісі вяртаўся з іранскай правінцыі Ўсходні Азэрбайджан на мяжы з Азэрбайджанам, дзе яны з прэзыдэнтам Ільхамам Аліевым удзельнічалі ў цырымоніі адкрыцьця дамбы на рацэ Аракс.
У прэзыдэнцкім картэжы было тры верталёты, прапаў толькі адзін. У ім разам з Раісі ляцелі губэрнатар правінцыі Ўсходні Азэрбайджан і міністар замежных спраў Ірану Хусэйн Амір-Абдулах’ян. Пошукавую апэрацыю ўскладнялі ўмовы надвор'я – у раёне крушэньня ішоў дождж і стаяў шчыльны туман.
Тэлевізія Ірану спыніла ўсе праграмы для трансьляцыі малітваў за Раісі. На старонцы прэзыдэнта Ірану ў Instagram таксама заклікалі за яго маліцца.
- Раісі перамог на прэзыдэнцкіх выбарах у Іране ў 2021 годзе. Яго называлі прыхільнікам жорсткай лініі ў сыстэме ўлады ў Іране, раней ён займаў пасаду міністра юстыцыі. Ён лічыўся пратэжэ вярхоўнага лідэра Ірана, аяталы Алі Хамэнэі, і, паводле назіральнікаў, мог стаць яго пераемнікам.