Кацярыне Сныцінай 38 гадоў, баскетболам займаецца зь сямі. У 15 трапіла ў свой першы прафэсійны баскетбольны клюб «Гарызонт». У 17 паехала гуляць за францускую каманду. Найбольш сэзонаў Сныціна правяла ў Расеі. Былі каманды ў Польшчы, Турэччыне, Вугоршчыне. Калі ёй было 22 гады, нацыянальная зборная Беларусі, у складзе якой тады гуляла Кацярына, узяла бронзу на чэмпіянаце Эўропы, яна таксама гуляла на пэкінскай алімпіядзе, выйгравала чэмпіянаты Францыі і Беларусі.
Кацярына Сныціна ў 2020 годзе падпісала ліст вольных спартоўцаў. У сакавіку 2021 году Сныціна абвясьціла, што завяршае кар’еру ў нацыянальнай зборнай Беларусі, дзе яна тады была капітанам, каб ня быць часткай прапаганды рэжыму Лукашэнкі. Апошнія два сэзоны яна адгуляла ў брытанскай камандзе «London Lions».
Увосень 2023 году Кацярына заявіла, што цалкам завяршае баскетбольную кар’еру. У красавіку ейная каманда «London Lions» выграла Эўракубак – другі па значнасьці турнір Эўропы. Сныціна за свае грошы купіла беларускім заўзятарам квіткі на найлепшыя месцы, бо ім выдзелілі далёкі сэктар.