Інцыдэнт здарыўся недалёка ад мяжы з Азэрбайджанам, прыкладна за 600 кілямэтраў на паўночны захад ад Тэгерану. Раісі вяртаўся пасьля сустрэчы з прэзыдэнтам Азэрбайджану Ільхамам Аліевым на азэрбайджана-іранскай мяжы. У верталёце знаходзіліся яшчэ некалькі чыноўнікаў, у тым ліку міністар замежных спраў.
Дзяржаўная тэлевізія Ірану паведаміла, што на месца аварыі былі накіраваныя выратавальныя каманды, але складаныя ўмовы надвор'я і моцны туман перашкаджаюць працы ратавальнікаў. У той жа час экіпаж паветранага судна выйшаў на сувязь, і ёсьць імавернасьць, што абышлося без ахвяр, паведамляла агенцтва Tasnim.
Пазьней інтанацыя зьмянілася і неназваны іранскі чыноўнік сказаў у інтэрвію Reuters, што жыцьці прэзыдэнта Ірану і кіраўніка МЗС знаходзяцца пад пагрозай. Інфармацыя пра тое, што гелікоптэр, на якім ляцеў прэыздэнт, знойдзены, то зьяўлялася, то абвяргалася. У афіцыйным інстаграме прэзыдэнта Ірану Раісі разьмясьцілі пост з просьбай маліцца за яго. Тэлевізія Ірану спыніла ўсе праграмы для трансьляцыі малітваў за Раісі.
- Раісі перамог на прэзыдэнцкіх выбарах у Іране ў 2021 годзе. Яго называюць прыхільнікам жорсткай лініі ў сыстэме ўлады ў Іране, раней ён займаў пасаду міністра юстыцыі. Ён лічыцца пратэжэ вярхоўнага лідэра Ірана, аяталы Алі Хамэнэі, і, паводле назіральнікаў, можа стаць яго пераемнікам.