Сэйм Польшчы 15 траўня прагаласаваў за папраўкі ў закон аб адукацыі, якія датычацца дапамогі грамадзянам Украіны. Папраўкі разам з тым могуць паспрыяць і грамадзянам Беларусі, паведаміла інфармагенцтва РАР.
За папраўкі прагаласаваў 381 дэпутат, 19 былі супраць, 20 устрымаліся.
Прынятыя папраўкі датычацца падаўжэньня на чатыры месяцы тэрміну падачы заявак на ўмоўнае права займацца прафэсіямі лекара, стаматоляга, мэдсястры і акушэркі, адзначае TVN24.
Прынятыя папраўкі датычацца сярод іншага прызнаньня атэстатаў грамадзян краін, якія дэнансавалі міжнароднае пагадненьне з Польшчай аб іх узаемным прызнаньні. А гэта якраз Беларусь, улады якой 25 кастрычніка 2022 году скасавалі міждзяржаўнае пагадненьне.
Намесьніца міністра адукацыі Польшчы Яана Муха адзначыла, што папраўка зьвязаная зь нядаўнім спыненьнем выдачы Беларусьсю атэстатаў аб заканчэньні школы сваім грамадзянам, якія знаходзяцца за мяжой, што робіць немагчымым навучаньне гэтых людзей у Польшчы. Яна дадала, што размова можа ісьці аб прыблізна 5 тысячах беларускіх грамадзян.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каля тысячы абітурыентаў у Беларусі атрымалі права паступаць без іспытаў на «запатрабаваныя спэцыяльнасьці»11 траўня тэлеграм-канал адукацыйнай ініцыятывы «Настаўніцкая» паведаміў, што Міністэрства адукацыі Беларусі перастала прымаць заявы на выдачу даведак, якія пацьвярджаюць легальнасьць атэстатаў. Такія даведкі запытвалі некаторыя замежныя ВНУ пры прыёме беларускіх грамадзян.
Пазьней стала афіцыйна вядома, што Мінадукацыі спыніла выдачу даведак, якія сьведчаць аб тым, што школа, якую абітурыент заканчвае, можа выдаваць дакумэнты дзяржаўнага ўзору. Такі дакумэнт таксама запытваецца некаторымі польскімі ўстановамі вышэйшай адукацыі пры прыёме абітурыентаў.
Раней Аляксандар Лукашэнка неаднаразова выказваўся пра тое, што ў Беларусі неабходна павялічыць тэрміны адпрацоўкі разьмеркаваньня пасьля вну, а таксама спыніць выезд беларускай моладзі за мяжу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля леташняга скандалу з ЦЭ ў Беларусі стварылі дзяржаўную камісію па кантролі за ўступнай кампаніяй