Войскі Азэрбайджану занялі Нагорны Карабах у верасьні мінулага году падчас маланкавага наступу, у выніку якога 100 тысяч этнічных армян пакінулі гэты раён, паведамляе Reuters.
«Прысутнасьць расейскіх міратворчых сіл дазволіла дасягнуць міру на азэрбайджанскай зямлі», — заявіў расейскі генэрал Яўгеній Нікіфараў, калі салдаты пакідалі базу. Начальнік Генштабу Азэрбайджану заявіў, што Расея прыклала ўсе намаганьні для дасягненьня міру ў Нагорным Карабаху і спыненьня канфлікту паміж Азэрбайджанам і Армэніяй, які доўжыцца дзесяцігодзьдзі.
Аднак Армэнія вінаваціць Маскву ў тым, што тая не рабіла дастаткова для таго, каб Азэрбайджан не захапіў Нагорны Карабах сілай. У лютым Армэнія замарозіла сваё сяброўства ў Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ).
Згодна зь міжнародным правам, Нагорны Карабах належыць Азэрбайджану, але населены ён быў пераважна армянамі. Большасьць зь іх уцякла адтуль летась, калі Азэрбайджан атрымаў кантроль над тэрыторыяй. Армэнія і Азэрбайджан вялі дзьве вайны за гэтую тэрыторыю, у пачатку 1990-х гадоў і ў 2020 годзе.
Расея накіравала ў Нагорны Карабах міратворчую місію колькасьцю каля 2000 чалавек у рамках пагадненьня аб спыненьні крывавага шасьцітыднёвага наступу ў 2020 годзе, падчас якога азэрбайджанскія сілы захапілі значную частку спрэчнай тэрыторыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Армэнія адмовілася ад складак у бюджэт АДКБ ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея пачала выводзіць сваіх вайскоўцаў з Нагорнага Карабаху