Вайсковая выведка Ўкраіны ўзнагародзіла беларускіх добраахвотнікаў

Шэўрон байцоў палка Каліноўскага. Ілюстрацыйнае фота

Імёнаў узнагароджаных не называюць.

У палку імя Кастуся Каліноўскага паведамілі, што Галоўнае ўпраўленьне выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны адзначыла сваім ведамаснымі ўзнагародамі беларускіх добраахвотнікаў, якія ваююць у батальёнах «Літвін» і «Волат», а таксама ў падразьдзеле апэратараў бесьпілётнікаў імя Мікіты Крыўцова.

У паведамленьні не называюць імёнаў узнагароджаных. Вайсковая выведка перадала камандаваньню палка імя Каліноўскага 24 узнагароды: 11 мэдалёў «Україна — понад усе!», 5 — «За бойові заслуги», 6 — «За мужність при виконанні спецзавдань» і 2 — «Почесна відзнака».

Раней прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ўручыў ордэны «За мужність» III ступені беларусам, якія ваююць пад пазыўнымі «Стэн», «Север», «Булак» i «Бес».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пад Кіевам усталявалі памятную шыльду ў гонар загінулага каліноўца Аляксея Скоблі

У красавіку 2022 году званьне Героя Ўкраіны пасьмяротна прысвоілі беларускаму добраахвотніку Аляксею Скоблю, які загінуў 13 сакавіка 2022 году, прыкрываючы адыход сваіх байцоў пад Кіевам. Яго пахавалі ў Кіеве. Ён меў украінскае грамадзянства.

У траўні 2023 году Ўладзімір Зяленскі ўзнагародзіў пасьмяротна Эдуарда Лобава і Данііла Ляшука ордэнам Мужнасьці трэцяй ступені.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі ўзнагародзіў ордэнам Мужнасьці двух беларускіх добраахвотнікаў, якія загінулі ва Ўкраіне