Каля 400 беларусаў дадалі ў расейскую базу вышуку за апошнія 3 месяцы. Сярод іх добраахвотнікі і былыя палітвязьні

Паліцыя ў Расеі. Ілюстрацыйнае фота

У лютым сайт «Медиазона» вывучыў базу вышуку расейскага МУС — у ёй выявілася больш за 3100 беларусаў. За тры месяцы расейская база папоўнілася больш як на 400 прозьвішчаў беларусаў, пры гэтым 200 імёнаў выдалілі з вышуку, паведамляе «Медиазона».

Адвакатка, палітыкі, актывісты

Сярод іншага, у вышук абвешчаныя:

  • асуджаны на 25 гадоў завочна палітык і блогер Вадзім Пракопʼеў,
  • заснавальнік фонду дапамогі Okno na Wschód Павал Міцкевіч, супраць якога распачата «спэцвядзеньне»,
  • актывіст «Маладога Фронту» Віталь Цішчанка і сустаршыня арганізацыі Андрэй Цянюта,
  • доктар-рэаніматоляг Уладзімер Мартаў, аўтар падкасту Радыё Свабода «Доктар Мартаў. На вайне з COVID-19» (14 траўня яго затрымалі ў Ленінградзкай вобласьці),
  • пазбаўленая ліцэнзіі адвакатка Алена Шынкарэвіч,
  • судзьдзя Аляксей Пацко,
  • праваабаронца Алена Масьлюкова,
  • моўныя актывісты Ігар Случак і Аліна Нагорная,
  • актывіст Піліп Шаўроў,
  • рэдактар інтэрнэт-выданьня «Витебский курьер news» Аляксандар Корнышаў,
  • давераная асоба былой кандыдаткі ў прэзыдэнты Ганны Канапацкай Ежы Грыгенча,
  • актывістка АГП Надзея Гацак,
  • праваслаўны сьвятар Георгі Рой,
  • Юлія Чурыловіч, якая з маленькім сынам экстрана пакінула Беларусь, ратуючыся ад перасьледу,
  • жонка журналіста Зьмітра Лупача Кацярына Лупач,
  • жонка палітвязьня Паўла Мажэйкі Ірына Чарняўка,
  • дызайнэрка Ірына Хвайніцкая,
  • музыка Ганна Лепяшкевіч,
  • Марыя Рогава, супраць якой пачалі «спэцвядзеньне» ў справе «аналітыкаў Сьвятланы Ціханоўскай» ,
  • Сяргей Сянько, які перасёк мяжу з Украінай і запісаў відэа з просьбай аб палітычным прытулку, і Валеры Сьляпухін, які пераехаў з Гомля ў Кіеў.
  • гамяльчук Канстанцін Гвозьдзеў, якога судзілі за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тысячы беларусаў у расейскім сьпісе на вышук: жаўнеры-добраахвотнікі, блогеры, палітыкі

Добраахвотнікі

За 3 месяцы ў вышук дадалі каля 30 беларусаў, зьвязаных з добраахвотніцкімі падразьдзяленьнямі ва Ўкраіне. Сярод іх загінулыя ў баі экс-палітвязень Васіль Парфянкоў і Данііл Ляшук.

Таксама ў сьпісе — адзін з заснавальнікаў і начальнік штабу палка Каліноўскага Арцём Войніч з пазыўным «Ваніш», экс-міліцыянт Вячаслаў Граноўскі, мінамётчык «Альгерд» Алег Аўчыньнікаў, салігарчанін Васіль Верамейчык, камандзір батальёна Ігнат Кірэеў, Іван Тамашэвіч, Юры Сатаноўскі, Дзьмітры Палойка, а таксама Дзьмітры Белагорцаў і Рудольф Ягарэнка, якія атрымалі грамадзянства Ўкраіны, палітвязень 2011 году Аляксандар Малчанаў, які сарваў чырвона-зялёны сьцяг з будынка КДБ у Менску, кіраўнік мабілізацыйнага пункту палка Ігар Кляўко, брат загінулага падчас пратэстаў маладачанца Мікіты Крыўцова Павал Кухта.

У вышук абʼяўлены і іншыя байцы, чые імёны можна знайсьці ў зьліве праўладных хакераў — Яўген Бундзялееў, Ігар Кучаравенка, Вячаслаў Радзюк, Аляксей Назараў, Дзьмітры Лыскавіч, Аляксандар Пазьняк і іншыя.

Таксама ў вышуку Аляксандар Стральцоў, які браў удзел у тэрытарыяльнай абароне, і былая вайскоўка Вераніка Яновіч.

Былыя палітвязьні

Больш за 30 імёнаў з 400 — былыя палітвязьні. Сярод іх былая галоўная рэдактарка выданьня «Новы час» Аксана Колб, музыка Ўладзіслаў Наважылаў, Міхаіл Жамчужны, які выйшаў на волю ў 2021 годзе, фігуранты «карагоднай справы» Віталь Брыцько, Андрэй Ляшко, Алеся Крамчаніна і Ільля Ягораў, актор Андрэй Трызубаў, ураджэнец расейскага Омску Ільля Лубяноў, ураджэнец Украінцы Дзяніс Князеў, вызвалены ў лютым 2024 году Мікалай Яромскі, затрыманая ў лютым ураджэнка Нароўлі Тацяна Арахоўская, якая жыла ў Літве, маладачанец Сяргей Сідаровіч, мазырчанін Сяргей Коршак, праграміст Андрэй Пазьняк, бартэндэр Васіль Цяленчанка, Андрэй Марціновіч, жыхар Вялейкі Ігар Санкевіч, гарадзенец Сьцяпан Васілевіч, мянчук Мацьвей Міронаў, мянчанка Кацярына Еўдакімава, а таксама Аляксандар Шышко, Канстанцін Шышко, Паліна Ляшко, Тацяна Петруковіч, Марыя Бабовіч.

Шукаюць і завочна асуджаных да 2 гадоў калёніі Аляксандра Церлюка, Анатоля Астроўскага і Віктара Пузана.

Невядомыя прысуды Ільлі Чудзіну і Яўгену Іванцову, але яны таксама трапілі ў расейскую базу вышуку.

На сайце «Медиазона» па пошуку беларусы могуць праверыць, ці ёсьць яны ці із блізкія ў вышуковай базе РФ (у пошуку толькі ўраджэнцы і грамадзянк Беларусі). Зьвесткі ў пошуку актуальныя на канец красавіка 2024 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МУС: 30% людзей, абвешчаных у вышук у Беларусі, хаваюцца ў Расеі