Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МУС: 30% людзей, абвешчаных у вышук у Беларусі, хаваюцца ў Расеі


Кіраўнік МУС Беларусі Іван Кубракоў. Архіўнае фота
Кіраўнік МУС Беларусі Іван Кубракоў. Архіўнае фота

Амаль 30% людзей, абвешчаных у вышук беларускай міліцыяй, хаваюцца на тэрыторыі Расеі, заявіў кіраўнік беларускага МУС Іван Кубракоў у Маскве на сумеснай калегіі міністэрстваў унутраных спраў так званай «саюзнай дзяржавы» 18 красавіка, паведамляе Mlyn.by.

Па словах Кубракова, «асаблівую небясьпеку ўяўляюць тыя, хто знаходзяцца ў вышуку за ўчыненьне экстрэмісцкіх або тэрарыстычных злачынстваў, якія маюць дачыненьне да незаконных узброеных фармаваньняў і міжнародных злачынных груп».

Падчас выступу Кубракоў адзначыў, што МУС Беларусі і Расеі ўжо «адпрацавалі тактыку і мэтодыку выяўленьня і затрыманьня асобаў, якія знаходзяцца ў міждзяржаўным вышуку» і падкрэсьліў, што «не павінна быць перашкодаў для выправаджаньня ў краіну грамадзянскай прыналежнасьці тых, хто хаваўся і быў затрыманы на тэрыторыі саюзнай дзяржавы».

Цяпер у Міждзяржаўным інфармацыйным банку, сфармаваным на базе Галоўнага інфармацыйна-аналітычнага цэнтру МУС Расеі, знаходзіцца больш за 83,5 тысяч чалавек, аб’яўленых у вышук расейскім бокам, і каля 8 тысяч — беларускім, распавёў кіраўнік расейскага МУС Уладзімір Калакольцаў, піша mvdmedia.ru. Паводле яго, з пачатку 2022 году на тэрыторыі Расеі затрымалі каля 900 чалавек, якія хаваліся ад праваахоўных органаў Беларусі.

Кубракоў таксама распавёў, што каля 43% зьніклых бязь вестак у розны час і па розных прычынах выехалі ў Расею. Паводле Калакольцава, за 2022 год устаноўлены лёс каля 350 зьніклых бязь вестак грамадзян Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG