«Калі Кітай хоча падтрымліваць добрыя адносіны з Эўропай і іншымі краінамі, ён ня можа і далей падсілкоўваць самую вялікую пагрозу эўрапейскай бясьпекі, а менавіта расейскую агрэсію ва Ўкраіне», — заявіў прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША Вэдант Патэль, якога цытуе «Голас Амэрыкі».
Ён падкрэсьліў, што гэта «ня толькі пазыцыя ЗША, але і выразна выяўленая пазыцыя нашых партнэраў па „Вялікай сямёрцы“, нашых партнэраў па NATO і Эўразьвязе».
Заява ЗША зьявілася адначасова з паведамленьнем МЗС Кітаю пра тое, што прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін наведае Кітай з афіцыйным візытам 16–17 траўня.
«Калі КНР спыніць падтрымліваць Расею, Расеі будзе цяжка працягваць ваенныя дзеяньні супраць Украіны, і ніводная краіна не павінна даваць Пуціну плятформу для прасоўваньня яго агрэсіўнай вайны супраць Украіны», — растлумачыў Патэль.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сі Цзіньпін выступіў супраць крытыкі Кітаю за сувязі з Расеяй- Уладзімір Пуцін прыбудзе ў Пэкін 16 траўня з двухдзённым візытам на запрашэньне старшыні КНР Сі Цзіньпіна, паведаміла МЗС краіны. Гэта будзе першы замежны візыт Пуціна пасьля пераабраньня ў сакавіку на пяты тэрмін і другі візыт у Кітай за шэсьць месяцаў. У кастрычніку Пуцін прыяжджаў у Пэкін для ўдзелу ў форуме «Адзін пояс — адзін шлях».
- Хоць Кітай заяўляе, што зьяўляецца нэўтральным бокам, яго крытыкуюць за адмову асудзіць Маскву за яе поўнамаштабнае ўварваньне ва Ўкраіну.
- За апошнія гады Кітай і Расея пашырылі эканамічнае супрацоўніцтва і дыпляматычныя кантакты, а пасьля поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну іх стратэгічнае партнэрства толькі ўзмацнілася.
- Пэкін раней прапанаваў свой «мірны плян» з 12 пунктаў з заклікам да дээскаляцыі і рэшткавага прыпыненьня агню ва Ўкраіне. Захад скептычна ставіцца да прапановаў Кітаю адносна палітычнага ўрэгуляваньня ва Ўкраіне.