Урад Украіны дэнансаваў Пагадненьне аб узаемным забесьпячэньні захаваньня міждзяржаўных сакрэтаў зь Беларусьсю, паведаміў прадстаўнік ураду ў Вярхоўнай Радзе Ўкраіны Тарас Мельнічук.
Пагадненьне было заключанае 22 студзеня 1993 году ў Менску».
Раней, 30 красавіка, Украіна выйшла з пагадненьня аб супрацоўніцтве ў галіне аховы здароўя, заключанага ў 1992 годзе у Менску.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна выйшла з пагадненьня аб супрацоўніцтве ў галіне аховы здароўя, заключанага ў 1992-ым у МенскуЯкія яшчэ пагадненьні зь Беларусьсю дэнансавала Ўкраіна
Пасьля расейскага вайсковага ўварваньня, падтрыманага Аляксандрам Лукашэнкам і вайсковым кіраўніцтвам Беларусі, Украіна дэнансавала больш за 50 міжнародных дакумэнтаў, якія вызначалі супрацу зь Беларусьсю ў розных сфэрах — выйшла зь іх або спыніла іх дзеяньне. У тым ліку:
- аб узаемным прызнаньні і эквівалентнасьці дакумэнтаў аб адукацыі і вучоных званьнях;
- аб назіраньні ў пунктах пропуску на мяжы;
- аб супрацы зь Беларусьсю ў авіяцыйным пошуку і ратаваньні;
- аб паветраных зносінах;
- аб свабодным гандлі;
- аб узаемных пастаўках у 1995 годзе ўзбраеньня, вайсковай тэхнікі, іншых матэрыяльных сродкаў;
- аб аказаньні паслуг дзеля патрэбаў абароны і бясьпекі ад 1994 году;
- аб дадатковых мерах даверу і бясьпекі;
- аб правядзеньні сумесных навукова-дасьледчых і досьледна-канструктарскіх работ у галіне ўзбраеньня і вайсковай тэхнікі;
- аб узаемнай ахове правоў на вынікі інтэлектуальнай дзейнасьці, створаныя і прадэманстраваныя ў ходзе двухбаковага вайскова-тэхнічнага супрацоўніцтва;
- аб узаемадзеяньні ў сфэры геадэзіі, картаграфіі і дыстанцыйнага зандаваньня зямлі;
- аб супрацы ў сфэры дасьледаваньняў і выкарыстаньня касьмічнай прасторы ў мірных мэтах;
- аб супрацы памежных структураў і малым памежным руху;
- аб супрацы ў сфэры кіналёгіі;
- аб уніканьні двайнога падаткаабкладаньня;
- аб супрацы ў галіне моладзевай палітыкі;
- аб вытворчай і навукова-тэхнічнай каапэрацыі прадпрыемстваў і арганізацыяў абаронных галін прамысловасьці;
- аб вадаплаўстве па ўнутраных водных шляхах;
- аб узаемным прызнаньні і эквівалентнасьці дакумэнтаў аб адукацыі і навуковых званьнях;
- аб супрацы ў сфэры атэстацыі навуковых і навукова-пэдагагічных кадраў;
- аб супрацы ў сфэры навукі і тэхналёгіяў;
- аб супрацы ў сфэры стандартызацыі, мэтралёгіі і сэртыфікацыі;
- аб супрацы паміж міністэрствамі ўнутраных спраў (міжведамаснае пагадненьне зь Беларусьсю);
- аб сацыяльнай абароне працоўных мігрантаў.
Разам з тым украінскае кіраўніцтва заяўляе, што не зьбіраецца разрываць зь Беларусьсю дыпляматычныя адносіны, хоць у парлямэнце пэрыядычна абмяркоўваюць гэтае пытаньне.
Афіцыйна беларускае войска не ўдзельнічае ў поўнамаштабнай вайне Расеі супраць Украіны, аднак Аляксандар Лукашэнка вылучыў тэрыторыю Беларусі для праезду і часовай дысьлякацыі расейскіх войскаў, а з тэрыторыі Беларусі наносіліся ракетныя ўдары па Ўкраіне. З-за дапаможніцтва ў вайне супраць Украіны і масавых рэпрэсій ЗША, ЭЗ і Вялікая Брытанія ўвялі супраць Беларусі санкцыі.
Акрамя таго, у Беларусь нібыта для аздараўленьня вывозяць дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны. Эўрапарлямэнт у верасьні асудзіў удзел Лукашэнкі ў расейскай агрэсіі супраць Украіны і вывазе дзяцей, заклікаўшы Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаць ордэр на яго арышт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна спыніла дзеяньне дамоваў зь Беларусьсю аб супрацы памежных абласьцей