«Я ўжо ня памятаю свайго сапраўднага імя». Як працуе эвакуацыйная каманда, якая вывозіць людзей зь Беларусі

Слуп на мяжы Беларусі і Польшчы. Архіўнае фота

Ніхто зь блізкіх людзей чальцоў эвакуацыйнай службы BySol ня ведае, чым тыя займаюцца. Удзельнікі каманды расказалі, як яны з гэтым спраўляюцца і ці ўзяліся б эвакуаваць Мікалая Лукашэнку.

Свабода пагаварыла з удзельнікамі службы эвакуацыі онлайн. На просьбу суразмоўцаў, размова адбывалася бязь відэа. Пра тое, чым яны займаюцца, ня ведаюць нават родныя і блізкія людзі.

У гутарцы суразмоўцы выступалі пад сваімі нікамі, якімі карыстаюцца падчас арганізацыі эвакуацый. У тэксьце для зручнасьці мы іх прадстаўляем як Фёдар, Ян і Павал.

Служба эвакуацыі адносіцца да фонду BySol і супрацоўнічае зь ініцыятывай ByHelp. Яны дапамагаюць людзям, якія зазналі палітычны перасьлед, выехаць зь Беларусі, не абавязкова легальна. Многіх дэталяў сваёй працы суразмоўцы не раскрываюць.

«Фёдар і Паша»

«Я ўжо ня памятаю свайго сапраўднага імя», — кажа Фёдар падчас знаёмства. Па яго словах, удзельнікі каманды і паміж сабой часьцей не зьвяртаюцца адно да аднаго па сапраўдных імёнах. Яны выкарыстоўваюць нікі «Фёдар» і «Паша». Камунікуюць таксама пад сваімі мянушкамі. Даўнімі або тымі, што зьявіліся ў апошнія чатыры гады.

Размоўныя назвы, якія выкарыстоўваюць хлопцы для сваёй ініцыятывы, — «служба эвакуацыі», «каманда», «Фёдар і Паша». Пра людзей, якіх яны вывозяць, кажуць: «прыляцеў кейс», «заяўнік», «заяўка», «ёсьць чалавек». Яны ведаюць гісторыю рэпрэсій гэтага чалавека і што яму пагражае.

Усе чальцы каманды ўмеюць кіраваць аўтамабілем, але пакідаюць у сакрэце, наколькі гэта істотная частка іхнай працы. Якія ёсьць ролі ў камандзе, яны не раскрываюць. Ці бачацца яны ў рэальным жыцьці або размаўляюць толькі празь сеціва, таксама таямніца. На пытаньне, ці цяпер яны бываюць на тэрыторыі Беларусі, хлопцы адказваюць, што «ня памятаюць».

Беларуска-польская мяжа, ілюстрацыйнае фота

Каманда працуе 24/7

Па словах суразмоўцаў, усё пачыналася з двух чалавек, якіх перасьледавалі «за палітыку». Адным зь іх быў Фёдар. Яны ўцяклі з краіны лясамі ў канцы 2020 году. Пазнаёміліся і вырашылі дапамагаць у гэтым іншым беларусам, бо прадбачылі вялікія рэпрэсіі. Тады каманды, якая б арганізавана займалася эвакуацыяй, не было. Дапамагалі асобныя актывісты, у якіх не існавала адзінага падыходу да гэтай справы, лёгікі і кантактаў.

«Мы разумелі, што патрэбна арганізаваная каманда, якая працуе 24/7 дзеля гэтай справы. Бо „проста актывісты“ сёньня дапамагаюць, а заўтра могуць пераключыцца на іншае», — тлумачыць Фёдар.

Суразмоўцы кажуць, што яны прыйшлі ў службу эвакуацыі са сфэры бізнэсу, адукацыя ў іх пераважна тэхнічная. З пачатку 2021 году пачалі актыўна супрацоўнічаць з Андрэем Стрыжаком з фонду BySol і Аляксеем Лявончыкам зь ініцыятывы ByHelp.

«Раней мы падобнымі рэчамі не займаліся. Гэта ўменьне лягічна думаць, хутка вучыцца і трымаць галаву халоднай», — кажа Ян.

«Ня спалі ўвесь 2021 год»

Колькі цяпер чалавек у камандзе, сакрэт. Вядома, што ў ёй ёсьць і мужчыны, і жанчыны. Каб трапіць у службу эвакуацыі, чалавек мусіць прайсьці шматбаковую праверку. Таксама яму варта мець шэраг здольнасьцяў. На думку Яна, гэта стрэсаўстойлівасьць, уменьне лягічна думаць, крытычна ставіцца да любых зьвестак, у кароткі час апрацоўваць вялікія аб’ёмы інфармацыі і складваць іх у адну карціну.

«Кожны з нас вельмі шматбаковы, са сваімі моцнымі і слабымі бакамі. Але мы ўкладаемся ў адно цэлае і адно аднаго дапаўняем», — дадае Ян.

Павал параўноўвае іхны занятак да працы на «хуткай», дзе спэцыяліст мусіць ведаць увесь комплекс захадаў, каб экстрана дапамагчы пацыенту. Фёдар расказаў, каго б яны не ўзялі ў каманду: людзей, якія ня любяць людзей; людзей, якія ня ўмеюць лягічна бачыць стужку працэсу і выстройваць розныя сцэнары; людзей, якія не гатовыя працаваць шмат.

«Учора ўначы мы абмяркоўвалі, што рабіць з сытуацыяй, з чалавекам, бо трэба было на раніцу прыдумаць плян. Потым прыйшлі да выніку і а першай або а палове на другую пайшлі спаць. Мала хто са звычайных людзей гатовы займацца такімі ж працэсамі», — кажа Фёдар.

Ён дадае, што цяпер збольшага атрымліваецца спаць нармальна, за выключэньнем некаторых начэй. Нядаўна была сытуацыя, калі чалавек паставіў будзільнік на 5 ранку, каб праверыць, ці ўсё ідзе паводле пляну.

«Быў 2021 год, калі мы ня спалі ўвесь год, спалі па гадзіне, па дзьве, калі была нейкая магчымасьць», — дадае суразмоўца.

Мяжа Беларусі з Латвіяй, ілюстрацыйнае фота

Грошы ад донараў

Выдаткі на тое, каб эвакуаваць адну сям’ю зь Беларусі, могуць сягаць 2 тысяч даляраў, кажуць суразмоўцы. Аднак гэтыя грошы ідуць толькі на дарожныя патрэбы — квіткі, страхоўкі, часовае жытло. Зрэдку, калі ў чалавека кепскі матэрыяльны стан, каманда сама аплачвае яму квіткі. Ніякай часткі ўнёскаў уратаванага чалавека не трапляе да службы эвакуацыі як узнагароды за працу.

Служба эвакуацыі — гэта некамэрцыйны праект. Каб ім аддзячыць, фонд BySol шукае грошы ў донараў. Суразмоўцы кажуць, што выходзяць сумы, за якія можна сябе ўтрымліваць толькі мінімальна. Таму некаторыя ўдзельнікі групы маюць яшчэ іншую працу.

«Мы людзі пры гэтым. Нам трэба неяк харчавацца, плянаваць сваю будучыню», — тлумачыць Фёдар.

Выгараньне безь фідбэку

Навошта тады яны гэтым займаюцца — пры ўсіх рызыках і невялікай аплаце?

«Хто, калі ня мы? Калі колькасьць ініцыятываў, якія дапамагаюць, будзе большай, то добра. Але калі іх будзе станавіцца менш, бо грошай мала, бо вось я ня сплю, або проста апусьцім рукі, пойдзем далей займацца сваімі справамі, бізнэсам, сьвятла стане менш. Я рукі не гатовы пакуль апускаць. Мы стаміліся, але пакуль гэта „вывозім“», — кажа Ян.

Павал кажа, што яны «выгаралі ўсе не па адным разе», але ня могуць кінуць свайго занятку.

«Плынь людзей ідзе, яна не заканчваецца. Ты перастаеш разумець, калі гэта ўсё скончыцца», — тлумачыць ён.

Са словаў Паўла, яны выгараюць у тым ліку таму, што рэдка атрымліваюць фідбэк ад уратаваных людзей. Калі лекар вылечыў чалавека, то часта чуе падзяку ад пацыента. Уратаваныя людзі звычайна потым ня бачацца са сваімі ратаўнікамі, а ратаўнікі ня чуюць фідбэку.

«Ты аддаеш чалавеку частку сябе, а ўзамен нічога не пакідаеш. Калі чытаеш інтэрвію чалавека, якога вывезьлі, то частка энэргіі вяртаецца», — дадае ён.

Фёдар адзначае, што яны ўжо ня здолеюць жыць па-іншаму.

«Пасадзіце нас у айцішны офіс, дайце звычайную справу. Мы завыем праз тыдзень скажам: ня трэба нам вашых грошай! Дайце дзе як выратаваць сусьвет, дзе як выратаваць чалавека, дзе як зрабіць сапраўды карысную справу», — кажа ён.

Беларускі памежны слуп, ілюстрацыйнае фота

Без парыкоў і фальшывых дакумэнтаў

Па словах суразмоўцаў, ніхто з блізкага атачэньня эвакуацыйнай каманды ня ведае, чым яны займаюцца. Ёсьць тыя, хто жыве пад адным дахам, прыкладам, з жонкай, але яна ня ведае пра іхную сакрэтную місію. Як тады можна называць блізкім чалавека, якому ты не расказваеш пра значную частку свайго жыцьця? Фёдар тлумачыць, што ў іншых сфэрах супольнага побыту існуе давер, таму няма патрэбы тлумачыць справы эвакуацыі.

Асноўнае правіла бясьпекі каманды — «працуюць нашыя аватары, але ня мы». Яны разьдзяляюць сваё звычайнае жыцьцё і сваю ратаўнічую службу.

Хлопцы кажуць, што ім не даводзілася карыстацца падробленымі дакумэнтамі. Павал тлумачыць, што ў іхным занятку яны не зьмяняюць зьнешнасьць з дапамогай касмэтыкі, парыкоў, накладных вусоў. Нейкага прадмету гардэроба, які б абавязкова быў ва ўсіх удзельнікаў каманды, таксама няма.

«Гэта хутчэй зь фільмаў. Дастаткова проста пераапрануцца. Сёньня накладнымі рэчамі рэдка карыстаюцца людзі ў гэтай сфэры. Любая камэра (камэра відэаназіраньня на вуліцы. — РС) можа алічбаваць твар, і ўся гэтая касмэтыка не дапамагае. Па нязначных дэталях, па вуху чалавека можна апазнаць», — тлумачыць ён.

Суразмоўцы кажуць, што яны на 100% падобныя да звычайных людзей. Па іхнай зьнешнасьці нельга здагадацца, чым яны сакрэтна займаюцца. Месца, дзе б яны адчувалі сябе ў бясьпецы, у паплечнікаў няма.

«Мы разумеем, што намі могуць цікавіцца», — тлумачыць Фёдар.

Зь іхнай эвакуацыйнай каманды ніхто ня трапіў за краты. Яны ведаюць, што былі выпадкі, калі іншых эвакуатараў затрымлівалі. У іх саміх ёсьць пратакол на выпадак уласнага затрыманьня, але яны ня могуць пра яго гаварыць публічна.

«Даводзіцца прыдумляць гісторыю свайго жыцьця»

Такая праца стварае нязручнасьці. Павал адзначае, што яны ня могуць плянаваць жыцьцё. Патрэба эвакуаваць кагосьці можа ўмомант іх парушыць.

«Мы як апэратыўныя работнікі. Ты ня можаш адключыцца і спадзявацца, што ў цябе будзе выходны. У любы момант можа адбыцца надзвычайная сытуацыя», — кажа ён.

За час ратаваньня людзей яны памяняліся самі, мяркуе Фёдар. Гэты складаны занятак вымагае працы на сабой: трымаць розум цьвярозым, рэгуляваць ня толькі чужыя эмоцыі, але і свае.

«Гэтая праца нам шмат дае. Мы зьмяняемся, становімся лепшымі», — кажа ён.

Хлопцы адзначаюць, што ў іх цалкам памянялася або звузілася кола камунікацыі. Павал прызнаецца, што яму пры знаёмстве з новымі людзьмі даводзіцца прыдумляць гісторыю свайго жыцьця.

«Ты ня можаш расказаць пра сябе праўду. Гэта падвышае ўзровень скрытнасьці», — кажа ён.

Праваабаронца Леанід Судаленка неўзабаве пасьля эвакуацыі зь Беларусі

Страх як задача

Чальцы эвакуацыйнай службы дзеляцца, што самыя страшныя рэчы ў іхным жыцьці не зьвязаныя з эвакуацыяй. Хаця ім уласьціва нечага баяцца, як і ўсім людзям. Адзін са страхаў — што затрымаюць чалавека, якога яны плянуюць вывозіць. Такія выпадкі былі.

«Бывала, мы ведалі, што чалавека ня вывезем, бо мы кантактуем зь ім, а ў яго за плячыма „мянты“. І мы ведаем, што яго не адпусьцяць, але ўсё адно робім усё, што магчыма. І ўсё адно, калі яго затрымалі, гэта было няпроста», — успамінае Фёдар.

Ён адзначае, што ведае, што рабіць, калі ўзьнікае страх. Галоўнае — паставіцца да яго як да задачы. Тады эмоцыі адыходзяць, зьяўляецца шэраг альгарытмаў, якія трэба выканаць, каб тое, чаго баісься, ня адбылося.

«Я вару бульбу, і мне страшна, што яна ня зварыцца. Я гэты страх пераводжу ў задачу і разумею, што, каб зварыць бульбу, мне трэба закрыць рондаль накрыўкай, пасаліць, уключыць агонь, патыкаць ножыкам і зразумець, ці яна звараная. Вось альгарытм. Я ўжо не баюся, што яна ня зварыцца, а раблю ўсё правільна, каб яе зварыць. Тое самае і ў нашай працы», — тлумачыць Фёдар.

На пытаньне, калі яны апошні раз думалі, каб кінуць гэтую працу, суразмоўцы спачатку пачынаюць сьмяяцца, а потым адказваюць: «Кожны дзень». Занятак гэты забірае шмат фізычных і эмацыйных рэсурсаў.

«Зразумела, што не штодня мы пра гэта думаем. Але развагі, калі ўжо ўсё, калі скончацца гэтыя рэпрэсіі і нам ня трэба будзе працаваць, ёсьць. Мы разумеем, што, пакуль гэта ня скончыцца, мы не дазволім сабе перастаць гэтым займацца», — удакладняе Фёдар.

Фонд не дае ім магчымасьць псыхатэрапіі, каб спраўляцца з гэтай працай. Аднак хтосьці з удзельнікаў каманды ходзіць прыватна да псыхоляга. Ёсьць нюанс — псыхатэрапія вымагае высокага ўзроўню даверу да спэцыяліста. Яны не заўсёды могуць сабе дазволіць давяраць іншым людзям пры спэцыфіцы свайго занятку.

На пытаньне, наколькі яны адчуваюць сябе ў парадку, Фёдар адказвае, што яны лічаць, што яны ў парадку. І хлопцы зноў пачынаюць сьмяяцца.

Памежны пераход на беларуска-літоўскай мяжы, ілюстрацыйнае фота

«Убачыў блёкпост і спакойна пайшоў міма ўсіх шлягбаўмаў»

Чальцы службы эвакуацыі кажуць, што кожная апэрацыя складаная. Няма выключэньняў.

«Кожны чалавек — гэта жыцьцё, уратаванае жыцьцё», — кажа Павал.

«Бываюць тэхнічна складаныя апэрацыі, рызыкаў больш, чым звычайна. Тады мы асабліва перажываем за чалавека. Разумеем, што яго могуць пасадзіць. Але гэта ня значыць, што ён для нас больш каштоўны, чым іншыя. У нас усе людзі каштоўныя. У нас усе любімчыкі», — дадае Фёдар.

Яны кажуць, што ня будуць расказваць пра апэрацыі, якія праводзілі пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне. У 2021 годзе адной з самых складаных сытуацый было вывезьці сям’ю зь дзецьмі. Звычайна дзяцей правозяць праз афіцыйны пераходны пункт у суправаджэньні іншых дарослых.

«Але была сытуацыя, калі давялося ставіць дзяцей у рызыку. Гэта было для нас вельмі трывожна», — успамінаюць яны.

Яшчэ адной тэхнічна складанай задачай была эвакуацыя праваабаронцы Сяргея Драздоўскага, вазочніка.

«Тэхнічна мы разумелі, што калі б нешта здарылася, то ён бы ня мог сябе ніяк абараніць», — прызнаюцца суразмоўцы.

Яны дадаюць, што стараюцца не дзяліць людзей паводле грамадзкай значнасьці, бо гэта можа перашкаджаць працы.

«Мы разглядаем чалавека як чалавека. І чалавек для нас сам па сабе найвышэйшая каштоўнасьць», — кажа Фёдар.

Быў у іхным досьведзе і прыклад вясёлай эвакуацыі. Чалавеку, які ніколі не бываў на памежных пераходах, трэба было самастойна пешкі перайсьці мяжу зь іншай краінай.

«Ён прыйшоў на мяжу, убачыў блёкпост і проста спакойна пайшоў міма ўсіх шлягбаўмаў, не зьвяртаючы ні на кога ўвагі. Яго б так і выпусьцілі, калі б на апошнім шлягбаўме, калі ён заходзіў на тэрыторыю іншай краіны, яго не паклікалі. Ва ўсіх памежнікаў быў шок. Яны не разумелі, як ён спакойна прайшоў 800 мэтраў афіцыйнай мяжы. Гэта было вельмі весела. Яму далі штраф, і ён выйшаў», — расказвае Павал.

Яшчэ адна сытуацыя, калі было вельмі страшна за яе ўдзельнікаў, здарылася ў часы ковідных абмежаваньняў. Беларуска-расейская мяжа тады была закрытая. Маці з дваімі дзецьмі мусіла трапіць у Расею.

«Зіма. Людзі едуць на маршрутцы палямі. Адседжваюцца ў лесе. Недзе 4-5 гадзін ранку. Яны паведамляюць: мы пачалі рух», — успамінае Павал.

Іх задача была перайсьці праз замерзлае возера. Спачатку прайшлі першыя двое-трое чалавек з групы. Сьледам пайшла маці зь дзецьмі, успамінае суразмоўца.

«Выяжджаюць расейскія памежнікі і пачынаюць страляць у паветра. Гэта быў страшны момант, калі яны крычаць: „Мы вяртаемся!“. Іх усіх хуценька завозяць у лес, хаваюць. Не памежнікі, а людзі, якія ім дапамагаюць. І сувязь зьнікае на 2-3 гадзіны. Празь некалькі гадзін у халодным лесе ў халоднай маршрутцы гэтая маці зь дзецьмі зноў пераходзіць возера ў тым жа месцы і трапляе ў Расею», — расказвае Павал.

Папярэджаньні на беларуска-літоўскай мяжы пра небясьпеку наведваньня Беларусі

Вырашаюць ня ехаць 20%

Хлопцы кажуць, што адмовяцца вывозіць зь Беларусі людзей, у якіх няма палітычнага перасьледу. На пытаньне, ці яны б узяліся эвакуаваць Мікалая Лукашэнку, калі б той зьвярнуўся, кажуць, што разгледзелі б ягоную заяўку на эвакуацыю. Далей пералічваюць крокі, якія прымяняюць да іншых людзей: праверылі б, ці ёсьць у яго палітычны перасьлед, пагаварылі б з заяўнікам, правялі б вэрыфікацыю і тады прымалі рашэньне.

Самі людзі, якія прынялі рашэньне эвакуавацца, перадумваюць ехаць вельмі рэдка. Недзе 20% тых, хто зьвяртаецца па кансультацыю для ацэнкі рызыкі перасьледу, пасьля размовы вырашаюць заставацца, расказваюць у службе эвакуацыі.

Бываюць тыя, хто вельмі напужаны ў моманце, таму зьбірае рэчы. Аргумэнты збоку, што ім мала што пагражае ў Беларусі, на іх тады ня дзейнічаюць, расказвае Ян. Яны могуць перадумаць у дарозе і вяртаюцца. Ён памятае пра 2-3 такія выпадкі за ўвесь час.

«Яны даяжджалі да сярэдзіны шляху і казалі: „Не, я проста не магу, не хачу кідаць дом. Усё будзе добра“. Пару дзён перад гэтым ён максымальна настойваў на тым, што хоча выяжджаць, што псыхалягічна ня выцягне. Я іх магу давесьці да пэўнай часткі маршруту проста каб праветрыць, проста нават па Беларусі пакатаць. Ён мае час падумаць, супакоіцца, узважыць усё», — расказвае Ян.

Быць на сувязі, слухаць інструкцыі, ня піць алькаголь

Хлопцы маюць спосабы, як супакоіць чалавека на адлегласьці, калі ў яго здараецца прыступ страху ці панікі. Часта спрацоўвае спакойны голас. Ён становіцца ратавальным колам, за які чалавек чапляецца падчас хваляваньня, тлумачыць Ян.

«Калі гэты голас расказвае плян дзеяньняў, гэта супакойвае. Ня трэба самому прымаць рашэньні. Проста трэба даверыцца, бо той чалавек прафэсіянал, ён ведае, што робіць», — дзеліцца Ян.

Ён дадае, што ні ў якім разе ня раіць людзям падчас эвакуацыі выпіваць, каб менш нэрвавацца. Бо пад уплывам алькаголю чалавек перастае кантраляваць сябе. Адпаведна і ягоныя ратаўнікі ня маюць на яго ўплыву.

Ян расказвае пра два правілы пры рэлякацыі. Першае — выконваць інструкцыі, якія дае служба эвакуацыі. Другое — быць увесь час на сувязі. Калі сувязь згубілася, шукаць wi-fi або любы спосаб скантактавацца зноў.

«Калі чалавек ужывае алькаголь, ён можа згубіць і арыентацыю, і кантроль над сабой, і ня будзе выконваць інструкцыі. Вельмі вялікая верагоднасьць правалу ў гэтым моманце», — дадае Ян.

Павал успомніў, як у чалавека здарылася моцная панічная атака ў дарозе.

«Вельмі сур’ёзны зрыў. Чалавек на тым баку задыхаецца і нічога ня можа зрабіць. Ён сябе не кантралюе. У яго была гіпэрвэнтыляцыя», — расказвае Павал.

Ён здолеў пераканаць гэтага чалавека знайсьці пакет і пачаць туды дыхаць. У выніку паменшыўся ўзровень кіслароду ў крыві і чалавек стабілізаваўся.

Як працаваць зь людзьмі ў складаных станах, чальцы эвакуацыйнай службы ведаюць са свайго жыцьцёвага досьведу. Але таксама часам наведваюць спэцыялізаваныя курсы. Кажуць, што ім самім здымаць сваё напружаньне дапамагае зьмена дзейнасьці і спорт.

Людзі, якіх вывозяць зь Беларусі, бывае, выдаляюць акаўнты і больш не кантактуюць са службай эвакуацыі. Бывае, дзякуюць у паведамленьнях. Часам пытаюцца, каму яшчэ трэба фінансава дапамагчы выехаць.

«Для мяне самая добрая падзяка — калі ад чалавека, якому мы дапамаглі, прыходзіць іншы чалавек. Гэта сьведчыць, што ён задаволены», — кажа Ян.

Андрэй Стрыжак

1500–2000 чалавек

Як расказаў Свабодзе прадстаўнік фонду BySol Андрэй Стрыжак, за час існаваньня службы яны апрацавалі 2090 заявак на эвакуацыю. Зь іх скончыліся выездам зь Беларусі каля 988. Кожная з заявак можа быць як на аднаго чалавека, так і на сям’ю.

«Агульную колькасьць людзей, якія выехалі дзякуючы нашай дапамозе, ацэньваем ня менш як у 1500-2000 чалавек. Плюс частка людзей едзе сама. Атрымліваюць інструкцыі і кансультацыі — і далей самі. Частка іх у гэтай другой палове заявак, якія ня скончыліся нашым „ручным“ уключэньнем», — патлумачыў Стрыжак.