Парлямэнт Грузіі, нягледзячы на акцыі пратэсту і крытыку краін-партнэраў, урэшце ўхваліў закон «Аб празрыстасьці іншаземнага ўплыву», больш вядомы як закон аб іншаземных агентах. Як паведаміў праект Радыё Свабода «Эхо Кавказа», ініцыятыву кіроўнай партыі “Грузінская мара” падтрымалі 84 дэпутаты, 30 прагаласавалі супраць.
У першай палове дня парлямэнт перарваў працу пасьля таго, як абмеркаваньне закону перарасло ў слоўнае і фізычнае супрацьстаяньне паміж дэпутатамі кіроўнай большасьці і апазыцыі. Сварка пачалася ў часе выступу апазыцыянэра, старшыні «Адзінага нацыянальнага руху» Левана Хабеішвілі, калі дэпутат ад «Грузінскай мары» Дзьмітрый (Дзіта) Самхарадзэ выгукнуў некалькі абразьлівых словаў у адрас апанэнта.
Некаторыя журналісты, якія знаходзіліся ў гэты час у залі пасяджэньня парлямэнту, сьцьвярджаюць, што ён таксама кінуў бутэльку ў Хабеішвілі, аднак зафіксаваць гэты момант на камэру не ўдалося.
Завязалася бойка, у якой удзельнічалі каля 20 дэпутатаў. Сябра парлямэнцкай большасьці Рыма Бэрадзэ некалькі разоў пляншэтам з паперамі выцяла па галаве лідэра «Стратэгіі Агмашнебелі» Георгія Вашадзэ.
У часе сутыкненьняў прадстаўнікі большасьці пачалі патрабаваць ад старшыні парлямэнту выдварыць апазыцыю з залі.
У цэнтры Тбілісі тым часам не спыняюцца масавыя акцыі пратэсту супраць закону аб «іншаземных агентах». З раніцы да будынка грузінскага парлямэнту прыйшлі тысячы пратэстоўцаў, да іх далучыліся студэнты дзясяткаў ВНУ Грузіі, якія раней заявілі аб правядзеньні ў сталіцы масавай забастоўкі.
Пратэстоўцы раней спрабавалі блякаваць уваходы ў будынак парлямэнту, каб ня даць дэпутатам ад кіроўнай партыі трапіць у залю для галасаваньня. Але паліцыя адціснула пратэстоўцаў і перакрыла вуліцы, якія вядуць да парлямэнту, дзякуючы чаму дэпутатам удалося бесьперашкодна ўвайсьці ў будынак.
Прэзыдэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі ўжо паабяцала накласьці на законапраект сваё вэта. Згодна з Канстытуцыяй Грузіі, прэзыдэнт цягам 10 дзён мае падпісаць ухвалены парлямэнтам закон і апублікаваць яго. Апроч таго, кіраўнік дзяржавы можа з матываванымі заўвагамі вярнуць дакумэнт у парлямэнт.
У той жа час кіроўная партыя «Грузінская мара» мае дастатковую колькасьць галасоў у парлямэнце для пераадоленьня прэзыдэнцкага вэта. Тэрміну, цягам якога парлямэнт павінен пераадолець вэта прэзыдэнта, Канстытуцыя не вызначае. Папярэдне, канчатковае ўхваленьне закону шляхам пераадоленьня вэта прэзыдэнта можа адбыцца ў сярэдзіне чэрвеня.
Ва ўрадзе заявілі, што могуць улічыць «зьмястоўныя рэкамэндацыі» заходніх партнэраў у межах мэханізму вэта. Прэзыдэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі адказала ўраду, што ня будзе ўваходзіць «у якія-небудзь маніпуляцыі з мэтай яго неяк акультурыць». Яна прапанавала парлямэнцкай большасьці ўвесьці закон у дзеяньне з 1 лістапада, пасьля таго, як у кастрычніку правядуць выбары ў парлямэнт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Тбілісі працягваюцца акцыі пратэсту супраць закону аб «іншаземных агентах». Паліцыя затрымала 20 чалавекПраз абвастрэньне ўнутрыпалітычнай сытуацыі адразу чатыры міністры замежных спраў эўрапейскіх краін — Латвіі, Эстоніі, Літвы і Ісьляндыі — паведамілі аб намеры 15 траўня наведаць Грузію. Яны плянуюць сустрэцца з прэзыдэнткай Грузіі, сьпікерам парлямэнту, міністрам замежных спраў, з прадстаўнікамі парлямэнцкіх апазыцыйных партый, а таксама ўраду.
Эўразьвяз, які летась у сьнежні надаў Грузіі статус краіны – кандыдаткі на ўступленьне, заявіў, што ўхваленьне закону «Аб празрыстасьці іншаземнага ўплыву» несумяшчальнае з каштоўнасьцямі ЭЗ і разбурыць надзеі краіны на сяброўства ў гэтым аб’яднаньні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзярждэпартамэнт ЗША: дзеяньні ўраду Грузіі несумяшчальныя з жаданьнем яе народу