Начальнік Галоўнага ўпраўленьня кадраў Мінабароны РФ генэрал-лейтэнант Юры Кузняцоў затрыманы, пра гэта агенцтву ТАСС паведамілі ў праваахоўных органах Расеі.
Генэрал-лейтэнанта Кузняцова затрымалі як падазраванага ў крымінальным злачынстве. Расьсьледаваньнем справы займаецца Галоўнае вайскова-сьледчае ўпраўленьне. Сьледчы зьвярнуўся ў суд для выбраньня генэралу меры стрыманьня ў выглядзе ўзяцьця пад варту.
Па словах прадстаўніка праваахоўных органаў, на працоўным месцы Кузьняцова, а таксама ў ягоным доме быў праведзены ператрус. Іншыя падрабязнасьці крымінальнай справы не паведамляюцца.
Выданьне «База» зьвярнула ўвагу, што 13 траўня ў 235-м гарнізонным вайсковым судзе ў Маскве прайшло паседжаньне аб меры стрыманьня ў дачыненьні да поўнага цёзкі кіраўніка ўпраўленьня кадраў Мінабароны Юрыя Васільевіча Кузьняцова. Вынікі паседжаньня невядомыя.
З 2010-га па 2023 год Кузьняцоў займаў пасаду начальніка 8-га ўпраўленьня Генэральнага штаба Узброеных сіл Расеі. Гэты орган займаецца пытаньнямі службы абароны дзяржаўнай таямніцы ў рамках Міністэрства абароны, загадваючы спэцыяльнай сувязьзю, шыфраваньнем і вайсковай цэнзурай.
Кузьняцоў быў прызначаны на пасаду начальніка Галоўнага ўпраўленьня кадраў Мінабароны Расеі ў траўні 2023 году.
Найбольш важныя перастаноўкі ў расейскім Міністэрстве абароны пачаліся ў мінулым месяцы. 23 красавіка Сьледчы камітэт паведаміў аб затрыманьні намесьніка кіраўніка міністэрства, генэрала Цімура Іванова, праз падазрэньне ў атрыманьні хабару. Іваноў быў куратарам вайскова-будаўнічага комплексу.
На наступны дзень Басманны суд Масквы па хадайніцтве сьледзтва адправіў генэрала пад арышт да 23 чэрвеня.
Разам зь ім на два месяцы арыштавалі яшчэ аднаго абвінавачанага ў справе — прадпрымальніка Сяргея Барадзіна. 25 красавіка стала вядома аб арышце трэцяга абвінавачанага — заснавальніка кампаніі «Олимпситистрой» Аляксандра Фаміна. Яму ставяць у віну дачу хабару.
12 траўня зьявілася афіцыйнае паведамленьне аб зьняцьці Сяргея Шайгу з пасады міністра абароны. Ён атрымаў новае прызначэньне — пасаду сакратара Савету бясьпекі Расеі, замест Мікалая Патрушава.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін зьняў Шайгу з пасады міністра абароны Расеі і прызначыў сакратаром Савету бясьпекі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што вядома пра новага міністра абароны Расеі і чаго ад яго чакаюць