У сваім выступе Сьвятлана Ціханоўская зьвярнула ўвагу на важнасьць падтрымкі беларускай культуры, мовы, нацыянальнай тоеснасьці. «Беларускае змаганьне за дэмакратыю — гэта яшчэ і змаганьне за нашую эўрапейскую ідэнтычнасьць», — сказала яна.
Разам зь Ціханоўскай удзел у сустрэчах бярэ Аліна Коўшык, прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінэту (АПК) у нацыянальным адраджэньні.
Ціханоўская зьвярнула ўвагу на маштабную русыфікацыю, якая працягваецца і нават узмацнілася ў Беларусі:
«Сёньня тое, што робіць Расея і яе марыянэткавы рэжым у Менску, можа сьцерці нашу нацыянальную ідэнтычнасьць і зьнішчыць усё, што зьвязвае нас з Эўропай. Падручнікі гісторыі перапісваюцца. Нацыянальных герояў называюць здраднікамі. Пісьменьнікі і музыкі, якія адмаўляюцца ісьці па „новай лініі“, маркіруюцца „экстрэмістамі“. Найбольш таленавітыя былі кінутыя ў турмы або вымушаныя былі ўцякаць. Нават размаўляць на беларускай мове стала злачынствам!
Ва Ўкраіне Расея ваюе снарадамі і танкамі. У Беларусі — змагаецца з дапамогай прапаганды ў культурнай сфэры. Але наша культура — наша самая моцная сакрэтная зброя і наша звышсіла. Людзей з моцнай нацыянальнай тоеснасьцю немагчыма запрыгоніць», — заявіла Ціханоўская.
Ціханоўская падаравала міністру-прэзыдэнту Фляндрыі (Бэльгія) Яну Ямбону карціну «Беларускае сонца» мастака Алеся Пушкіна, які памёр у турме ўлетку 2023 году.