Пасьля частковага падліку галасоў на выбарах прэзыдэнта ў Літве наперадзе Наўседа

Гітанас Наўседа падчас візыту ва Ўкраіну ў студзені 2023 году

Галасаваньне на выбарах прэзыдэнта і рэфэрэндуме ў Літве завяршылася а 20-й гадзіне паводле мясцовага часу, які супадае зь беларускім.

Паводле зьвестак Галоўнай выбарчай камісіі, якія цытуе Delfi, сёлета прагаласавалі 59,37% выбарнікаў. Гэта больш чым у мінулыя гады. Агульная яўка на выбарах 2019 году дасягнула 57,37%, у першым туры 2014 году — 52%.

Пасьля падліку на 23-ю гадзіну літоўскага часу цяперашні прэзыдэнт Гітанас Наўседа мае 48,76% галасоў. Другой ідзе прэм'ер-міністарка Інгрыда Шыманіце з 12,75%, а трэцім — лідэр партыі «Nemuno Aušra» (Нёманская зара) Рэмігіюс Жамайтайціс — 12,44%.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гітанас Наўседа і Інгрыда Шыманіце сустрэнуцца ў другім туры прэзыдэнцкіх выбараў у Літве

Паводле ранейшых зьвестак падліку на 531 участку (агулам іх 1895) на 21:30 літоўскага часу астатнія кандыдаты мелі наступныя выінкі:

  • адвакат Ігнас Вегеле — 11,53%,
  • прэм'ер-міністарка Інгрыда Шыманіце (Зьвяз Айчыны — Хрысьціянскія дэмакраты) — 10,49%,
  • доктар Эдуардас Вайткус — 6,63%,
  • дэкан юрыдычнага факультэту Ўнівэрсытэту Вітаўта Вялікага Дайнюс Жалімас — 2,26%,
  • лідэр апазыцыйнай партыі Darbo partija (Партыя працы) Андрус Мазуроніс — 1,7%,
  • былы намесьнік міністра нацыянальнай абароны Гедрымас Яглінскас — 1,35%.

Пераможцам будзе лічыцца кандыдат, які атрымае больш за 50% галасоў. У выпадку, калі ніводны з кандыдатаў ня будзе мець такой колькасьці галасоў, праз два тыдні арганізуецца другі тур, у які выходзяць два кандыдаты, якія атрымалі найбольшую колькасьць галасоў у першым. У другім туры кандыдат, які набраў у большасьць галасоў, будзе прызнаны пераможцам.

Падчас першага туру прэзыдэнцкіх выбараў праводзіцца і рэфэрэндум у пытаньні падвойнага грамадзянства. Зьмяніць Канстытуцыю прапануецца, выключыўшы зь яе фразу, якая цяпер не дазваляе грамадзянам Літвы набываць другое грамадзянства, — што «ніхто ня можа быць грамадзянінам Літоўскай Рэспублікі і іншай дзяржавы, акрамя асобных выпадкаў, прадугледжаных законам».

Прапанаваная зьмена ў рэдакцыю Канстытуцыі: «Грамадзянства Літоўскай Рэспублікі набываецца па нараджэньні і на іншых падставах, устаноўленых законам. Парадак набыцьця і страты грамадзянства вызначаецца законам».

Як паведамляе Delfi, пасьля частковага падліку за папраўкі ў Канстытуцыю прагаласавалі 71,6% з тых, хто прыйшоў на выбарчыя ўчасткі. Але каб папраўка да Канстытуцыі была прынятая, за яе павінна прагаласаваць ня менш за палову ўсіх грамадзян Літвы, якія маюць права голасу.