Як паведамляе ТАСС, Сяргей Шайгу будзе прызначаны сакратаром расейскага Савету бяспекі замест Мікалая Патрушава. Прэс-сакратар Пуціна Дзьмітрый Пяскоў сказаў, што Патрушава цягам некалькіх дзён прызначаць на іншую пасаду.
Шайгу адзіны міністар з так званага сілавога блока, якога кіраўнік Расеі не прапанаваў зноў прызначаць на пасаду. Шайгу быў міністрам абароны Расеі з 2012 году.
Агулам Шайгу займаў міністэрскія пасады ў Расеі з 1991 году, зь перапынкам на паўгоду ў 2012 годзе, калі яго прызначалі губэрнатарам Маскоўскай вобласьці.
Палітык лічыцца блізкім да Пуціна, зь ім яны разам палявалі і адпачывалі на прыродзе. Ён адзін са стваральнікаў партыі «Единая Россия», асноўнай прапуцінскай партыі ў расейскім парлямэнце. Аднак яго рэзка крытыкавалі праўладныя актывісты і блогеры за ваенныя няўдачы Расеі падчас яе ўварваньня ва Ўкраіну.
Нядаўна быў арыштаваны намесьнік Шайгу Цімур Іваноў, яго абвінавачваюць у атрыманьні хабару ў памеры мільярда расейскіх рублёў (больш за 5 мільёнаў даляраў).
Андрэя Белавусава, прапанаванага Пуціным на пасаду міністра абароны, называлі куратарам эканамічнага блёку ва ўрадзе. Расейскія СМІ паведамлялі пра ягоныя канфлікты з эканамічнымі міністэрствамі і Цэнтральным банкам: ён, як сьцьвярджаецца, выступаў за большы ўдзел дзяржавы ў эканоміцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Намесьніка міністра абароны Расеі затрымалі па падазрэньні ў атрыманьні хабару ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін прапанаваў Мішусьціну застацца прэм’ер-міністрам Расеі, унёс прапанову ў Думу