Удаве Навальнага ў Дрэздэне ўручылі прэмію мужа

На пахаваньні Аляксея Навальнага ў Маскве 1 сакавіка 2024

У Дрэздэне 12 траўня адбылася цырымонія ўручэньня Дрэздэнскай прэміі міру. Яна ўручаецца людзям за выбітны ўнёсак у справу міру і міжнароднага ўзаемаразуменьня. Сёлета ляўрэатам пасьмяротна стаў загінулы ў лютым у калёніі ў Расеі расейскі апазыцыянэр Аляксей Навальны.

На цырымоніі ў Дрэздэне ўзнагароду перадалі яго ўдаве Юліі Навальнай.

Як паведамляе DW, цырымонія прайшла ў Дрэздэнскім драматычным тэатры. Урачыстую прамову ў гонар ляўрэата зрабіў былы прэзыдэнт ФРГ Ёахім Гаўк, які назваў Навальнага супернікам расейскага кіраўніка Ўладзіміра Пуціна, перад якім «Пуцін адчуваў страх».

У рашэньні журы аб прысуджэньні прэміі Навальнаму гаворыцца, што ён быў палітвязьнем, «чыя сьмерць увасабляе незьлічоную колькасьць людзей, якія змагаюцца за свабоду і дэмакратыю ў Расеі, трапляюць за гэта ў турму або гінуць». Адзначаецца, што ён стаў прыкладам для іншых змагароў за правы чалавека.

Аляксей Навальны памёр у калёніі ў пасёлку Харп Ямала-Ненецкай аўтаномнай акругі Расеі сёлета 16 лютага. Паводле афіцыйнай вэрсіі, сьмерць палітыка наступіла з натуральных прычын. Паплечнікі Навальнага лічаць, што яго забілі на загад расейскіх уладаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі падатковая запатрабавала спагнаць доўг з памерлага расейскага апазыцыянэра Навальнага