На поўдні Бразыліі, які ўсё яшчэ пакутуе ад катастрафічнай паводкі, аднавіліся дажджы, якія, паводле прагнозаў, павінны працягнуцца ўсе выхадныя. Па апошніх дадзеных, ад паводкі загінулі сама меней 126 чалавек, яшчэ 141 лічыцца зьніклымі бязь вестак.
Колькасьць людзей, якія вымушана пакінулі свае дамы, перавысіла 400 тысяч, перадае RFI.
Нацыянальны інстытут мэтэаралёгіі прагназуе інтэнсіўныя ападкі на працягу ўсіх выхадных да пачатку наступнага тыдня. Улады папярэджваюць наконт рызыкаў апоўзьняў.
У некаторых месцах апошнім часам вада ўжо пайшла на спад, але многія вуліцы да гэтага часу застаюцца затопленымі. У рэгіянальнай сталіцы, горадзе Порту-Алегрэ з насельніцтвам у 1,4 млн чалавек, бутыляваная вада стала ўжо рэдкасьцю, нягледзячы на бесьперапынныя намаганьні па забесьпячэньні прытулкаў, бальніц, жылых дамоў і гасьцініц, перадае AFP.
Цяперашнія паводкі пашкодзілі або цалкам разбурылі больш як 85 тысяч дамоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Харкаўскай вобласьці ідуць жорсткія баі